Ніводзін рэгіён Беларусі не дасягнуў планавага ўзроўню эканамічнага росту
Ніводзін рэгіён Беларусі не дасягнуў прагназаванага ўзроўню эканамічнага росту, зазначаецца ў аглядзе, падрыхтаваным Міністэрствам эканомікі.
Аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) у Мінску, а таксама ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях у студзені-ліпені гэтага года склаўся ніжэйшым за ўзровень адпаведнага леташняга
перыяду.
«Ва ўсіх рэгіёнах адзначаецца запавольванне тэмпаў росту ВРП у параўнанні з вынікамі першага квартала 2013 года, найбольшае — у Мінскай вобласці — 3,9 працэнтнага
пункта», — гаворыцца ў аглядзе.
Паводле ацэнак Мінэканомікі, адсутнасць прыросту ВРП у Віцебскай вобласці звязана ў асноўным са змяншэннем аб’ёмаў аптовага тавараабароту прадукцыі нафтахіміі, у Магілёўскай —
са скарачэннем вытворчасці прадукцыі прамысловасці і паказчыкаў будаўніцтва, у Мінску — з працай прамысловага сектара.
Як паведамлялася раней, у студзені-ліпені рост ВУП у Беларусі склаў 1,4% пры запланаваным урадам заданні на год на ўзроўні 8,5%.
Згодна са звесткамі Мінэканомікі, ключавыя сектары эканомікі не дэманструюць прагназаванага росту.
Экспарт тавараў у 2013 годзе знізіўся на фоне скарачэння знешняга попыту на беларускую прадукцыю. Паводле звестак Белстата, у студзені-ліпені таварны экспарт Беларусі склаў 22,5 млрд. долараў,
што менш за паказчык аналагічнага леташняга перыяду амаль на чвэрць (на 23,3%).
Скарачэнне экспарту абумоўлена спыненнем экспарту растваральнікаў, зніжэннем паставак на знешнія рынкі прадукцыі беларускага машынабудавання. Апрача таго, зніжэнне валютнай выручкі, якая
паступае ў краіну, сёлета абумоўлена зніжэннем сусветных цэн на калійныя ўгнаенні, экспартам якіх займаецца Беларусь.
belapan.com