Новыя грошы: 80 мільёнаў банкнот і 400 мільёнаў манет
Грошы новага ўзору павінны быць дастаўлены ў банкі да 24 чэрвеня 2016 года. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе начальніка галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага звароту Нацбанка Сяргея Гайко, які апублікаваны ў свежым нумары «Банкаўскага весніка».
У галоўным банку краіны ўдакладняюць, што замена старых грошай на новыя будзе праводзіцца паступова на працягу 6 месяцаў.
«Прагназуецца, што да 1 ліпеня ў звароце будуць знаходзіцца каля 600 мільёнаў асобнікаў банкнот старога намінальнага шэрагу, — гаворыцца ў дакладзе. — Для іх замены спатрэбіцца каля 80 мільёнаў асобнікаў банкнот і 400 мільёнаў асобнікаў манет новага намінальнага шэрагу», перадаюць finance.tut.by.
Новыя грошы з 1 ліпеня з’явяцца не ва ўсіх банкаматах. Зняць купюры без чатырох нулёў можна будзе толькі ў кожнай трэцяй прыладзе. Капейкі ж паступова будуць трапляць у нашы гаманцы ў выглядзе рэшты. Таксама банкі будуць бясплатна разменьваць банкноты на металічныя грошы: для гэтага плануецца адкрыць спецыяльныя касы.
Спісы «новых» банкаматаў банкі павінны будуць апублікаваць загадзя.
«Пры вызначэнні пераліку банкаматаў неабходна ўлічваць іх сацыяльную значнасць і месцазнаходжанне (адміністрацыйныя ўстановы, гандлёва-забаўляльныя цэнтры, месцы правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў) і іншыя месцы масавага знаходжання насельніцтва», — кажуць у Нацбанку.
Інфармацыя пра банкаматы, загружаныя новымі грашыма, павінна пастаянна абнаўляцца.
Цалкам перайсці на новыя грошы банкаматы павінны да 1 кастрычніка.