Падаткавая прыспешвае з аплатамі. З чаго б гэта?

Беларусы яшчэ напачатку ліпеня пачалі атрымліваць ад падаткавай лісты з прапановай аплаціць зборы за зямлю, нерухомасць і транспарт. Хаця звычайна такія лісты прыходзяць у жніўні-верасні.

izobrazenie_viber_2023_09_03_17_28_33_185_logo.jpg

Падаткавікі ў чарговы нагадваюць беларусам пра дэдлайн па выплаце падаткаў на нерухомасць, а таксама Зямельны і транспартны зборы. Пры гэтым свае заклікі, каб людзі паспяшаліся ўнесці гэтыя грошы ў дзяржказну, падаткавікі тлумачаць клопатам аб іх сямейных бюджэтах.

Напрыклад, у інспекцыі МПЗ Бабруйска заклікаюць людзей выплаціць падаткі загадзя. "У мэтах рацыянальнага выкарыстання сямейнага бюджэту варта задумацца аб выплаце падаткаў часткамі, загадзя, да наступлення устаноўленага заканадаўствам тэрміну", - заяўляюць падаткавікі.

Калі ўзнікнуць пытанні па выплаце падатку на нерухомасць або зямельным зборы, то трэба звярнуцца ў падатковую па месцы размяшчэння аб'екта нерухомасці або зямельнага ўчастка, а па транспартным — па месцы жыхарства фізасобы.

Аналагічныя лісты атрымалі жыхары Мінска, Ліды, Магілёва.

Нагадаем, падаткі на нерухомасць, як і зямельны збор, за 2022 год налічвалі ў два этапы. Да 15 лістапада 2022 года трэба было ўнесці аванс па падатку — 50% ад сумы збору. Астатнюю суму неабходна выплаціць да 15 лістапада гэтага года.

Што тычыцца транспартнага падатку, то яго таксама трэба выплаціць да 15 лістапада ўключна. Сёлета стаўкі гэтага збору не падвышалі. Аднак у параўнанні з мінулым годам усё ж такі ёсць навіна — унесці яго трэба адной сумай, гэта значыць без авансавых плацяжоў, як было ў 2022-м.

Выглядае, што бюджэт патрабуе тэрміновых уліванняў, а грошы браць няма дзе. Асабліва калі ўлічыць, што значная частка падаткаплацельшчыкаў пакінула Беларусь, а эканоміка трашчыць па ўсіх швах.

Калі вы таксама атрымалі ад падаткавай “лісты шчасця”, звяжыцеся, калі ласка, з рэдакцыяй.