Падаткавікі хочуць адсочваць абнаяўванне звыш 2300 рублёў у дзень

Міністэрства па падатках і зборах выказала зацікаўленасць у атрыманні на пастаяннай аснове інфармацыі аб устаноўленых банкамі фактах перавышэння памеру разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі. Пра гэта гаворыцца ў лісце Нацбанка ў адрас Асацыяцыі беларускіх банкаў (АББ).




rubl_31052016_tutby_brush_phsl__7236.jpg


У цяперашні час банкі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Нацыянальнага банка ажыццяўляюць кантроль за захаваннем устаноўленага заканадаўствам парадку і памеру разлікаў наяўнымі грашовымі сродкамі паміж суб'ектамі гаспадарання (не больш за 100 базавых велічынь у дзень, гэта значыць 2300 рублёў), у тым ліку пры выдачы наяўных грошай (пералічэнні грашовых сродкаў) для кампенсацыі выдаткаў фізічных асоб, гаворыцца ў лісце АББ.

Аднак цяпер у банкаў пры ўсталяванні фактаў перавышэння ліміту разлікаў няма падстаў для складання спецыяльнага фармуляра рэгістрацыі фінансавай аперацыі, якая падлягае асабліваму кантролю, канстатуюць эксперты.

Нацбанк просіць АББ сумесна з банкамі разгледзець пытанне аб магчымасці прадстаўлення iмi названай інфармацыі кантралюючым органам. Мэтазгоднасць унясення зменаў у заканадаўства будзе разгледжана пасля атрымання інфармацыі аб колькасці і сумах устаноўленых банкамі за 2015-2016 гг. фактаў перавышэння гранічнага памеру разлікаў наяўнымі.

Крыніцы ў фінансавых і сілавых структурах лічаць, што ў хуткім часе можа быць зніжаны парогавы памер для наяўных разлікаў. Гэта павінна спрыяць супрацьдзеянню дзейнасці ілжэпрадпрымальнікаў і арганізаваных злачынных груп, якія абнаяўніваюць грашовыя сродкі або здзяйсняюць незаконныя фінансавыя аперацыі.
«Сапраўды, фон — гэта барацьба з абнаяўньваннем і аналагічнымі дзеяннямі ў Расіі», — лічыць суразмоўца ў банкаўскай сферы.

Банк Расіі і Мінфін РФ пачалі абмяркоўваць магчымасць абмежавання сум па наяўных разліках яшчэ ў 2012 годзе, у Дзярждуму нават быў унесены адпаведны законапраект, які так і не быў прыняты на фоне распачатага спаду ў эканоміцы, абвалу расійскага рубля і зніжэння пакупніцкай здольнасці расейцаў, нагадвае агенцтва ПРАЙМ.

Кіраўнік Мінфіна РФ Антон Сілуанаў 21 студзеня прапанаваў вярнуцца да ідэі абмежаванні разлікаў наяўнымі грашыма ў Расіі, бо гэтая мера дазволіла б сабраць больш падаткаў і зрабіць эканоміку больш празрыстай.
Паводле яго слоў, да абмежавання трэба ісці паступова, пачынаючы з разлікаў за буйныя пакупкі.Слабая культура электронных плацяжоў ў значнай часткі насельніцтва РФ і ўзровень даверу да банкаўскай сістэмы могуць быць асноўнай перашкодай на шляху ініцыятывы. Эксперты лічаць, што ўвесці гэтую меру магчыма па меры гатоўнасці прадаўцоў і пакупнікоў на рынку.

У бліжэйшыя два-тры гады ўвядзенне такіх абмежаванняў малаверагодна, лічыць галоўны эканаміст Еўразійскага банка развіцця Яраслаў Лісаволік. «Спачатку трэба прымаць меры, накіраваныя на развіццё безнаяўнага абароту. Патрэбен пэўны перыяд адаптацыі насельніцтва да новай сістэмы», — адзначае ён.

Кропку ў дыскусіі паставіў першы віцэ-прэм'ер РФ Ігар Шувалаў, які заявіў, што ўрад РФ не абмяркоўвае пытанне адміністрацыйнага абмежавання наяўных плацяжоў.

Паводле tut.by