Пайшоў з жыцця Андрэй Тур
У аўторак у Мінску на 63-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы
памёр адзін з самых вядомых чыноўнікаў-эканамістаў, ліберал старой школы Андрэй
Тур.
Андрэй Тур быў сярод вышэйшых службовых асоб краіны з 1995 года. І быў намеснікам пры ўсіх міністрах эканомікі да 2011 года. У 27 гадоў ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 39 — доктарскую. Ён быў адным з доўгажыхароў сярод намеснікаў міністра, займаючы гэтую пасаду да лістапада 2011 года.
На пытанне: «Чаму Тура не мяняюць?» Эксперты давалі
адназначны адказ: «Першае — высокая кваліфікацыя. Другое,
а можа, самае галоўнае, — толькі ён мог паднесці непапулярныя эканамічныя
рашэнні як прагрэсіўныя».
Андрэй
Тур выступаў за шэраг прагрэсіўных ініцыятыў, у прыватнасці, не без яго ўдзелу
пабачыла свет прэзідэнцкая дырэктыва № 4 аб лібералізацыі. Яго
часта можна было бачыць на мерапрыемствах, арганізаваных бізнес-саюзамі. Ён
ахвотна ішоў на дыялог з прадстаўнікамі дзелавых колаў.
У
2011-м годзе Тура прызначылі намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Гэтага
шчасця Тур пазбавіўся ў канцы 2013-га, пасля разносу на «Барысаўдрэве».
У
апошнія гады Андрэй Тур быў загадчыкам кафедры ў БНТУ, нядаўна перанёс аперацыю
на сэрцы.
У Андрэя Тура
засталіся жонка і дачка.
Рэдакцыя
«Новага часу» выказвае спачуванні родным, блізкім і калегам Андрэя Мікалаевіча.