Парадоксы глабалізацыі

Сусветнае падзенне коштаў на нафту, здавалася б,  мала тычыцца Беларусі — ў нас гэтай сыравіны, як кацянё наплакала. Але насамрэч гэтыя выбрыкі глабальнага рынку могуць справакаваць дэфолт у «сінявокай».



nafta_3_1__logo.gif

Сусветныя рынкі ліхаманіць. Напачатку тыдня паскорыўся працэс зніжэння сусветных коштаў на нафту. Каціроўкі асноўных марак гэтага прадукту (Brent і WTI) апусціліся ніжэй за $90 за барэль. Напрыклад, у чацвер кошт Brent склаў $82,91 за барэль, а амерыканскі гатунак WTI патаннеў аж да $80,71. Гэта самыя нізкія кошты са снежня 2010 года.

Найбуйнейшыя вытворцы нафты — Саудаўская Аравія і Кувейт — гатовыя мірыцца з нізкімі сусветнымі коштамі. Як паведаміла агенцтва Reuters, прадстаўнікі Саудаўскай Аравіі не супраць падзення коштаў да $80, калі гэта дапаможа краіне змагацца з канкурэнтамі. Міністр нафтавай прамысловасці Кувейта Алі аль-Амаір мяркуе, што скарачэнне здабычы нафты ўсё роўна не ўтрымае цэны ад падзення. Па ягоных словах, цэны могуць спыніцца ў межах $76–77 за барэль, бо гэта сабекошт здабычы нафты ў ЗША і Расіі.

У Беларусі нафты — кацяня наплакала. Здавалася б, жыві і радуйся: для нашых нафтаперапрацоўчых заводаў будзе палёгка: чым меншы кошт нафты, тым лягчэй ім забяспечыць сваю вытворчасць. Дый кошты на газ, якія прывязаныя да коштаў нафты, таксама знізяцца. Але насамрэч усё не так. Такое імклівае зніжэнне сусветных коштаў на нафту па нас ударыць вельмі балюча. А ўсё таму, што мы, па-першае, шчыльна завязаныя на пастаўкі гэтай сыравіны толькі з адной крыніцы — з Расіі. І, па-другое, мы яшчэ і шчыльна інтэграваныя ў расійскую эканамічна-фінансавую сістэму.

Узяць хаця б Дамову пра ЕАЭС. Мы яе паспяхова падпісалі 9 кастрычніка, і, згодна з дамоўленасцямі, зараз мы пакідаем у сябе палову расійскіх экспартных пошлінаў на нафту. Яшчэ па вясенніх прыкідках гэта было 1,5–2 мільярда долараў штогод. Пры падзенні коштаў на нафту зніжаецца і экспартная пошліна. Ужо вядома, што першае паніжэнне адбудзецца 1 лістапада, гэтая пошліна знізіцца на $28. Карацей, сусветнае зніжэнне коштаў на нафту «з’ела» ў нас частку нашых будучых даходаў, на якія мы, тым не менш, разлічвалі.

Больш за тое, мы дамагліся таго, што Расія кампенсуе нам свой «падатковы манеўр» — яшчэ адно зніжэнне тых самых экспартных пошлінаў і замену іх падаткам на здабычу карысных выкапняў. Па інфармацыі з розных крыніцаў, Расія пагадзілася пакідаць нам не палову, а ўсе 100% гэтых экспартных пошлінаў. Але глядзіце: зніжэнне коштаў на нафту, зніжэнне экспартных пошлінаў… Падаецца, што дабром для нас будзе, калі мы атрымаем гэтыя разлічаныя $1,5 мільярда, а не яшчэ менш.

Значна больш па нас удараць ускосныя наступствы падзення нафтавых коштаў. Справа ў тым, што бюджэт Расіі прымаецца адразу на тры гады. Напачатку гэтага года ён быў сфармаваны з разлікамі коштаў на нафту: у 2014-м — $93, у 2015-м — $95, і ў 2016-м — таксама $95. Прычым, лічба ў $95 за барэль лічылася «крызіснай». І яшчэ трэба ўлічыць, што палова ўсёй даходнай часткі бюджэту Расіі фармуецца коштам нафтагазавых даходаў.

У Расіі ёсць пэўная «падушка бяспекі» — Рэзервовы фонд, у які збіраліся «лішнія» грошы з надзвычай высокіх коштаў на нафту. На 1 кастрычніка гэтага года ён складае 90 мільярдаў долараў ЗША. Па прычыне зніжэння коштаў на нафту ў Расіі з’явілася думка гэты фонд «распячатаць». «Калі бягучая цана на нафту ў 87 долараў за барэль захаваецца на 2015 год пры кошце рубля да долара ў 40 рублёў за долар… то мы вымушаны будзем звяртацца да рэзервовага фонду», — заявіў міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў на пасяджэнні бюджэтнага камітэта Дзярждумы.

У Беларусі такой «падушкі бяспекі» няма. Больш за тое, ужо некалькі гадоў запар мы штогод просім у Расіі грошы — як правіла, памер запытанага крэдыту складае $2 мільярды. Гэтыя грошы, у асноўным, ідуць на рэструктурызацыю раней узятых пазыкаў. То бок, за кошт новага крэдыту мы аддаем старыя.

Калі ж кошты на нафту працягнуць падаць, то… Расія апынецца ў складанай сітуацыі: нафтагазавыя даходы будуць значна меншыя, чым запланавана дзейсным расійскім бюджэтам. Самой пазычыць грошай у Расіі ў сённяшніх варунках не атрымаецца — з-за яе дзеянняў ва Украіне яна амаль поўнасцю адрэзаная ад знешніх фінансавых і крэдытных рэсурсаў. Калі ўжо там узнікла думка пра тое, каб «залезці ў заначку», то ні на якія новыя крэдыты Беларусі разлічваць амаль не прыходзіцца.

Паўтара мільярда долараў, якія мы атрымаем (і ці атрымаем яшчэ?) з экспартных пошлінаў, ад спаўзання ў «даўгавую яму» нас наўрад ці ўратуюць. Паводле дадзеных Мінфіна, абслугоўванне і пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў 2015 годзе абыдзецца Беларусі ў $4 мільярды: $3 мільярды на пагашэнне доўгу і $1 мільярд — на бягучае абслугоўванне пазыкаў (працэнты). Такім чынам, у дадатак да пошлінаў нам трэба недзе знайсці $2,5 (4 мінус 1,5) мільярда. Ці збярэм мы іх «сваімі сіламі»?

Гэта будзе вельмі складана, бо за падзеннем коштаў на нафту для нас абрынецца і рынак асноўнага гандлёвага партнёра, якім, ізноў жа, з’яўляецца Расія. Ва ўмовах дэфіцыту грошай у самой Расіі складана разлічваць на тое, што яна будзе масава набываць замежныя тавары, хай сабе і беларускія, за якія трэба разлічвацца валютай. То бок, з-за падзення коштаў на нафту варта чакаць і скарачэння даходаў ад экспарту ў Расію.

У выніку Беларусь можа прыйсці да «тэхнічнага дэфолту» — адмовы плаціць альбо працэнты па пазыках, альбо асноўную частку доўгу. Прыкладна тое, што здарылася ў Расіі ў 1998 годзе.