Патупчык: Рашэнне па расійскім газе будзе ўзгадняцца на палітычным узроўні
Рашэнні наконт расійскага газу прынятыя і цяпер чакаюць узгаднення на палітычным узроўні.
З такой заявай перад журналістамі 24 лютага выступіў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, інфармуе БЕЛТА.
Па яго словах, дэталі гэтых прынятых рашэнняў раней агучваў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.
Патупчык нагадаў, што да 1 ліпеня 2019 года неабходна стварыць агульны рынак электраэнергіі, а да 1 студзеня 2025 года — агульны рынак газу. "Мы павінны максімальна зблізіць цэны на газ, чым мы сёння і займаемся. Усё, што зроблена ў гэтай частцы, даведзена да грамадскасці віцэ-прэм'ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам і віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам", — заявіў міністр энергетыкі. Далейшыя крокі ў гэтай сферы, як падкрэсліў чыноўнік, будуць прымацца на вышэйшым палітычным узроўні.
Спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй наконт платы за пастаўкі газу цягнуцца ад пачатку 2016 года. Беларусь плаціць не па кантрактным кошце (132 долара за 1000 кубаметраў), а па тым, які лічыць справядлівым (каля 70 долараў). Паводле апошніх расійскіх падлікаў, запазычанасць беларускага боку за пастаўкі газу перавысілі ўжо паўмільёна долараў. У адказ Расія скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь.