Павел Данейка: Дапамога ў беспрацоўі ў Беларусі можа быць 300 долараў

Як правесці рэформы і пры гэтым не напладзіць беспрацоўных і каго трэба бязлітасна пахаваць дзеля эканамічнага росту.

Здымак tut.by

Здымак tut.by


Некалькі думак генеральнага дырэктара Бізнэс-школы Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнту Паўла Данейкі пра беларускую эканоміку і яе будучыню публікуе «Салідарнасць».
«Важна зразумець, хто хварэе, а хто ўжо памёр. Таму што таго, хто памёр, лячыць не трэба»
— У нас праблема беспрацоўя — самая палітызаваная. Сапраўды, рэструктурызацыя прадпрыемстваў прывядзе да вызвалення пэўнай колькасці работнікаў. У нас гэта ўсё ўспрымаецца як поўная катастрофа.
Калі мы на адным семінары спыталі прадстаўніка Швецыі, што рабіць з гэтымі буйнымі кампаніямі, якія маюць цяпер цяжкую фінансавую сітуацыю, ён сказаў, што крызіс у эканоміцы нагадвае эпідэмію. І, безумоўна, тых, хто захварэў трэба лячыць. Таму дзяржава ў крызісныя часы павінна дапамагаць такім кампаніям. І гэта нармальна. Але, сказаў ён, важна зразумець, хто з іх хварэе, а хто ўжо памёр. Таму што таго, хто памёр, лячыць не трэба.
Паглядзіце, 30 гадоў таму ў Швецыі самымі папулярнымі прафесіямі былі сталявар і суднабудаўнікі, а цяпер такіх прафесій няма. І што? Швецыя вырасла, беспрацоўя таксама асаблівага няма.
Гэта значыць, калі мы захоўваем прадпрыемства, якое трэба рэструктураваць, мы адмаўляемся ад эканамічнага росту. Я заўсёды кажу: нам пашанцавала, што ў Беларусі не выраблялі механічныя пішучыя машынкі, а то б мы дагэтуль захоўвалі б і падтрымлівалі іх вытворчасць.
Мяняюцца галіны, змяняецца структура эканомікі, і не трэба трымацца за тое, што ўчора, можа быць, было прэстыжна і класна, калі сёння яно наогул не патрэбнае.
«Калі б мы спынілі датаваць мёртвыя прадпрыемствы, хапіла б і на дапамогу 300 долараў, і на перанавучанне»
— Мы праскочылі час, калі можна было выкарыстоўваць кітайскі досвед. Яны зрабілі структурныя рэформы ва ўмовах, калі рынак працы знаходзіўся на баку попыту. Быў недахоп працоўнай сілы, ні аб якім беспрацоўі гаворка наогул не ішла — гэтак жа, як у нас было нядаўна.
Дык вось, там у гэты момант дзяржава фінансуе закрыццё прадпрыемстваў у пэўных галінах, напрыклад, у лёгкай прамысловасці, у цяжкіх галінах. Чаму? Таму што развіваюцца больш прыбытковыя галіны – вытворчасць электронікі з больш высокай дададзенай вартасцю, і ва ўмовах недахопу працоўнай сілы трымаць людзей у галінах, дзе ў цябе нізкая дададзеная вартасць, бессэнсоўна.
Яны дапамагаюць выйсці, зачыніцца і гэтак далей. Ва ўмовах, калі рынак працы з боку прапановы, дзейнічае сістэма сацыяльных амартызатараў і сацыяльна-эканамічных стымулаў. Што гэта азначае? Чалавек губляе працу, але атрымлівае на пэўны тэрмін цалкам годную дапамогу ў беспрацоўі. Пры гэтым у сацыяльнай сістэме ёсць грошы на яго перакваліфікацыю.
Паводле маіх ацэнак, калі б мы спынілі датаваць нашы непрыбытковыя прадпрыемствы, і гэтыя грошы накіравалі б на стварэнне такой сацыяльнай сістэмы, то атрымлівалася б у сярэднім на беспрацоўнага 300 даляраў на ўтрыманне. Яшчэ 300 долараў заставалася б у месяц на перанавучанне. Але затое тады б з'явілася нейкая дынаміка эканомікі.
«Без рэформаў мы будзем мець доўгую стагнацыю, рэгулярныя дэвальвацыі і нарастанне беспрацоўя»
— Што ў нас са структурнымі рэформамі? У нас няма прыватызацыі. Вось гэта галоўны тормаз, пра які ўсе кажуць.
А я кажу, што нават не ў прыватызацыі справа. Калі прадаваць МАЗ у цяперашнім стане – дык гэта трэба яшчэ даплаціць. Ну а калі МАЗ зноў адновіць вытворчасць, з'явіцца трэнд росту, то і кошт будзе зусім іншы.
Мы не займаемся рэструктурызацыяй, не займаемся кіраваннем нават дзяржаўнымі кампаніямі. Вось у чым праблема.
Без рэформаў мы будзем мець доўгую стагнацыю, рэгулярныя дэвальвацыі і нарастанне беспрацоўя.
Паводле Хартыі'97