Павел Усаў: Застаецца яшчэ браць падатак на смерць. Памёр — заплаці

Палітолаг лічыць, што ў Беларусь вяртаецца практыка падушных падаткаў.

Ілюстрацыйная выява. USC Fisher Museum of Art

Ілюстрацыйная выява. USC Fisher Museum of Art


— Я так разумею, што падаткі ў Беларусі хутка пачнуць плаціць, у тым ліку і немаўляці, — піша Павел Усаў. — Роды будуць прымаць разам з падатковым інспектарам. Па долару з душы. Як у даіндустрыяльную эпоху. Паволі ў краіну вяртаецца практыка падушнага падатку.
Палітолаг цытуе публікацыю на БЕЛТА:
"Лукашэнка разам з тым адзначыў, што, умоўна кажучы, калі на кожнага жыхара Беларусі сабраць па долару падатку, то гэта будзе толькі $ 9,5 млн.
— Па вялікім рахунку гэта нішто... але за гэтыя $ 9,5 млн мы нешта можам купіць, — дадаў ён".
Нагадаем, заява прагучала падчас візіту Лукашэнкі на Добрушскую папяровую фабрыку. Адказваючы на пытанне работніка прадпрыемства, ён увязаў падатак на кватэры з выдаткамі дзяржавы на "бясплатную вакцынацыю і лячэнне ад ковід".
— Застаецца яшчэ да гэтага браць падатак на смерць. Памёр — заплаці. Дарэчы, у Расіі ў 2021 годзе на поўным сур'ёзе абмяркоўвалі гэтую тэму, — пракаментаваў Павел Усаў.
Паводле gazetaby.media