Лідары G20 перашкодзяць вялікаму бізнесу хаваць падаткі

У Рыме пачаўся саміт G20, які працягнецца з 30 па 31 кастрычніка. Лідары краінаў упершыню сустракаюцца пасля амаль двухгадовай паўзы, выкліканай пандэміяй.

49386074_303.jpg

Крызіс у галіне аховы здароўя і эканомікі, выкліканы распаўсюджаннем каронавіруса, з'яўляецца адной з галоўных тэм сустрэчы, што пацвердзіў ва ўступнай прамове прэм’ер-міністр Італіі Марʼё Драгі. Ён заклікаў заможныя краіны прыкласці намаганні для адпраўкі большай колькасці вакцын у менш развітыя краіны, падкрэсліўшы, што «велізарныя адрозненні ў долі вакцынаваных маральна непрымальныя».
Ключавымі тэмамі саміту стануць таксама клімат і аднаўленне эканомікі.

Змена падатковай сістэмы

Лідары на саміце G20 падтрымаюць пагадненне аб увядзенні глабальнага мінімальнага падатку. Транснацыянальныя кампаніі ад 2023 года павінны будуць плаціць падатак на прыбытак па стаўцы не менш за 15%, як вынікае з праекта вынікаў нарады, які цытуе Reuters. Паводле ацэнак Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), дзякуючы мінімальнаму падатку дзяржавы ў цэлым будуць атрымліваць дадатковыя падатковыя паступленні на суму каля 150 мільярдаў даляраў у год. Вынікі саміту афіцыйна зацвердзяць у нядзелю.
Змену падатковай сістэмы пасля чатырох гадоў перамоваў ухвалілі 136 краінаў і юрысдыкцыяў, на долю якіх прыпадае больш як 90% сусветнага валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Міністры фінансаў G20 і кіраўнікі цэнтральных банкаў ухвалілі пагадненне два тыдні таму. Новыя правілы закліканы дапамагчы ў барацьбе з ухіленнем ад выплаты збораў міжнароднымі карпарацыямі, таму многія разглядаюць змену падатковай сістэмы як пераломны момант.

Глабальнае пацяпленне

У праекце выніковага камюніке гаворыцца, што краіны G20 актывізуюць свае намаганні па абмежаванні глабальнага пацяплення на 1,5 градуса Цэльсію — узровень, на думку навукоўцаў, неабходны для прадухілення новых катастрафічных кліматычных мадэляў.
У дакуменце таксама прызнаецца, што бягучыя нацыянальныя планы па скарачэнні шкодных выкідаў неабходна ўзмацніць, але няма падрабязнасцяў, як гэта трэба рабіць.
Акрамя таго, лідары збіраюцца спыніць фінансаванне замежных вугальных электрастанцый і «зрабіць усё магчымае», каб спыніць будаўніцтва новых вугальных электрастанцый да канца 2030-х гадоў.
На блок G20 (Вялікай дваццаткі), у які ўваходзяць Аргентына, Аўстралія, Бразілія, Кітай, Індыя, Інданезія, Італія, Нямеччына, Канада, Вялікабрытанія, Мексіка, Расея, Турэччына, Францыя, Паўднёвая Карэя, ПАР, ЗША, Японія, Саўдаўская Аравія і Еўразвяз, прыпадае больш за 80% сусветнага валавога ўнутранага прадукту, 60% насельніцтва і прыкладна 80% сусветных выкідаў парніковых газаў.