«Пластмасавае вядро — з Расіі, малаток — або кітайскі, або польскі, граблі — румынскія»
Прэм'ер-міністр Беларусі патрабуе ад сталічных уладаў актывізацыі гандлю і імпартазамяшчэння, а таксама запланаваных эканамічных паказчыкаў па першым паўгоддзі.
— Мінск у залежнасці ад месяца займае ў валавым унутраным прадукце 25-28%. Таму, калі пачынае хварэць
эканоміка горада, усё гэта адбіваецца ў цэлым на краіне, — перасцярог прэм'ер-міністр.
Міхаіл Мясніковіч заслухаў напярэдадні з дакладамі
кіраўніцтва горада і кіраўнікоў раённых адміністрацый сталіцы. На нарадзе ў тым ліку абмеркаваны праблемныя
пытанні, якія тычацца разгрузкі складоў, гандлю таварамі і
паслугамі, экспарту і імпарту, будаўнічай галіны. Кіраўніцтва сталіцы запэўніла, што на дасягненне запланаваных паказчыкаў накіраваны ўсе намаганні.
Прэм'ер-міністр асабліва падкрэсліў неабходнасць значнай
актывізацыі рознічнага і аптовага гандлю:
— Трэба зрабіць усё для таго, каб разгрузіць базы. Зніжкі, бонусы, нейкія латарэі, прасоўванне тавараў і гэтак далей, аж да таго, што каробачнікаў пускайце па мікрараёнам, вязіце людзям прадавайце.
Мінскія ўлады паведамілі, што праца ў гэтым кірунку
ўжо ідзе, у прыватнасці, праводзяцца працоўныя сустрэчы вытворцаў з буйнымі сеткамі.
Вострым пытаннем з'яўляецца імпартазамяшчэнне, падкрэсліў
прэм'ер-міністр.
— Пластмасавае вядро — з Расіі, малаток
— або кітайскі, або польскі, граблі — румынскія, — канстатаваў ён.
У той жа час магутнасці, якія можна было
б накіраваць на вытворчасць аналагічнага айчыннага тавару,
часам прастойваюць.
— Такія магутныя cтанказаводы, а кранштэйны для таго, каб прымацаваць мікрахвалёўку да сцяны, — іспанскія! — Адзначыў ён.
Пры гэтым айчынны аналаг павінен быць
якасным, сказаў прэм'ер.
Акрамя таго, уладам горада неабходна праяўляць значна большую ініцыятыву ў сферы паслуг:
— Павінен быць пошук, Мінск застыў
у гэтым кірунку. Рэстаранаў, кавярняў недастаткова, таму ў тыя, якія ёсць, часцяком складана патрапіць з-за вялікай колькасці людзей...
Пры гэтым пункты грамадскага харчавання павінны
размяшчацца не толькі на праспекце, падкрэсліў ён. Не
хапае і месцаў для правядзення вольнага часу моладзі. Кіраўніцтва горада паведаміла аб запланаванай працы па насычэнні спальных раёнаў кафэ і іншымі неабходнымі аб'ектамі
сферы паслуг.
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ўзровень аб'ектаў сферы
паслуг павінен быць такім, каб задаволіць самага патрабавальнага
кліента, прыцягваць заможных турыстаў. Асаблівую актуальнасць
гэта набывае напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі, які
пройдзе ў сталіцы ў 2014 годзе:
— Трэба накарміць сытага і абуць
абутага! Вось ўмовы працы для Мінска.
У завяршэнне нарады Міхаіл Мясніковіч нагадаў пра адказнасць, якая кладзецца на сталіцу напярэдадні вялікага
свята — Дня Незалежнасці Беларусі:
— Усё павінна быць зроблена на навышэйшым, сапраўды рэспубліканскім узроўні.