Польшча выдала 18,3 тысячы віз айцішнікам
Польшча мае вострую патрэбу ў кваліфікаваных ІТ-спецыялістаў, і ў праграме па прыцягненні беларускіх айцішнікаў рэгіструецца ўсё больш кампаній, паведамляе thinktanks.by
Па праграме Poland Business Harbour Польшча выдала 18,3 тысячы віз ІТ-спецыялістам і іх семяйнікам. Большасць з тых, хто атрымаў візы, мае беларускія пашпарты.
Пра гэта заявіла Моніка Гжэлак, намеснік дырэктара Цэнтра інвестыцый у польскім агенцтве па інвестыцыях і гандлі, перадае Rzeczpospolita.
Каля 280 польскіх працадаўцаў зарэгістравалася ў праграме Poland.Business Harbour, якая дазваляе па спрошчанай схеме прыцягваць замежных айцішнікаў.
Гэтая праграма стартавала ў верасні 2020 года — адразу пасля разгару палітычнага крызісу ў Беларусі.
Выданне прыводзіць звесткі апытання польскіх кампаній, згодна з якімі патрэба ў кваліфікаваных ІТ-спецыялістах у 2021 годзе толькі вырасла.