Праблемныя крэдыты ў банках за студзень—люты павялічыліся на 45%

Праблемная завінавачанасць па крэдытах у беларускіх банках па стане на 1 сакавіка дасягнула 6,68 трлн. рублёў, што на 45% больш у параўнанні з пачаткам года.



prognoz_ochki_245.jpg

Як сведчаць статыстычныя даныя Нацыянальнага банка, праблемная завінавачанасць дзяржаўных прадпрыемстваў за студзень—люты 2015 года павялічылася на 47,9% і склала да 2,84 трлн. рублёў. 
З 2,2 трлн. да 3,3 трлн. рублёў вырасла праблемная завінавачанасць прыватнага сектара. 
У той жа час праблемная завінавачанасць насельніцтва за гэты ж перыяд павялічылася на 12,4% — да 503 млрд. рублёў. Праблемная завінавачанасць па крэдытах у нацыянальнай валюце вырасла на 42,1% і на 1 сакавіка склала 2,06 трлн. рублёў, у замежнай валюце — на 17,6%, да 313,5 млн. долараў. 
Варта адзначыць, што камерцыйныя банкі чакалі росту праблемнай завінавачанасці ў гэтым годзе. Падчас нядаўняй сустрэчы з журналістамі кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка заяўляў: рызыкі ўзнікнення праблемнай завінавачанасці звязаныя з пагаршэннем эканамічнага становішча прадпрыемстваў, якім з-за эканамічнага спаду ў Расіі і дэвальвацыі расійскага рубля стала больш складана прадаваць прадукцыю на асноўным рынку збыту. 
"Расійскія вытворцы атрымалі значны эфект у выніку двухразовай дэвальвацыі расійскага рубля. Беларускія прадпрыемствы такога эфекту не атрымалі, але гэта не азначае, што Беларусі неабходна паўтараць тое, што адбылося ў Расіі", — падкрэсліў банкір. 
Кіраўніцтва Нацбанка ў пачатку 2015 года заяўляла, што праблемная завінавачанасць магла значна вырасці яшчэ летась, аднак банкі пайшлі насустрач кліентам і пралангавалі крэдыты. 
У лютым, падчас пашыранага пасяджэння праўлення Нацбанка, намеснік старшыні праўлення Дзмітрый Лапко растлумачыў, што падтрыманне банкамі паказчыку долі праблемных актываў на бяспечным узроўні ў 2014 годзе было "забяспечана за кошт рэфінансавання (пралангацыі) патэнцыяльна праблемных даўгоў і спісаннем за баланс безнадзейнай завінавачанасці за кошт сфарміраваных спецыяльных рэзерваў".
Дзмітрый Заяц, БелаПАН