Прадпрымальнікам гандлёвага цэнтра "Сакрэт" уласнік павышае арэндную плату ў 1,4—2 разу
У пачатку студзеня гомельскія прадпрымальнікі, якія арандуюць плошчы ў гандлёвым цэнтры "Сакрэт", атрымалі паведамленні аб павышэнні арэнднай платы ў 1,4—2 разу. У
залежнасці ад аб`екта кошт квадратнага метра складзе прыблізна 100 еўра, паведаміў БелаПАН старшыня савета РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.
У кастрычніку 2012 года паміж новым уласнікам ГЦ "Сакрэт" і прадпрымальнікамі пачаўся канфлікт. ТДА "НП-Сэрвіс" збіралася павысіць арэндную плату ў 2—4
разу, з 45 да 120 еўра за квадратны метр. Прадпрымальнікі правялі акцыю пратэсту, аформленую як сандзень і перападлік, сустрэліся з чыноўнікамі. Аблвыканкам стаў на бок ІП, у выніку ўласнік павысіў
арэндную плату нязначна.
"Але ў новым дагаворы было прапісана, што арэндадаўца мае права павышаць плату тры разы на год з інфармаваннем загадзя. І вось толькі наступіў новы год, як плату павялічылі. Восенню сітуацыю здолелі накіраваць у канструктыўнае рэчышча, здалося, што новы ўласнік зразумеў, што з прадпрымальнікамі можна і трэба дамаўляцца. А цяпер ён зноў пачаў гнуць сваю лінію. Але судовай перспектывы тут практычна няма, бо ў дагаворы прапісаны такія ўмовы — магчымасць тры разы на год павышаць арэнду", — сказаў Шумчанка.
Адна з гомельскіх прадпрымальніц, якія працуюць у ГЦ "Сакрэт", паведаміла БелаПАН, што арандатары накіравалі калектыўны зварот у аблвыканкам з просьбай разабрацца з новым павышэннем
арэнднай платы. Прадпрымальнікі спадзяюцца, што ўлады ім дапамогуць, як гэта было восенню. Паводле слоў арандатара, прадпрымальнікі гатовы, калі іх не пачуюць, пайсці на радыкальныя меры —
забастоўку, нявыплату падаткаў. Паводле слоў работніка ГЦ "Сакрэт", прадпрымальнікі не змогуць плаціць такую высокую арэнду, бо не маюць вялікіх даходаў.
Алена Германовіч, БелаПАН