Прадуктовая інфляцыя ў Беларусі наблізілася да адзнакі ў 20%
Гадавая інфляцыя ў красавіку разагналася да 16,8% гадавых, паведамляе Белстат. Пры гэтым цэны на прадукты ў гадавым выражэнні выраслі на 19%, а на нехарчовыя тавары — на 18,6%.

Месячная інфляцыя ў красавіку склала 1,6%. Яна істотна знізілася ў параўнанні з папярэднім месяцам — у сакавіку інфляцыя склала 6,1% за месяц. Аднак менавіта ў сакавіку адбылося падзенне нацыянальнай валюты, выкліканае саўдзелам Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны і ўвядзеннем у дачыненні да нашай краіны маштабных заходніх санкцый.
Прыкметней за ўсё за мінулы месяц падаражэлі прадукты — на 3,9%. Нехарчовыя тавары ў красавіку дадалі ў кошце на 0, 7%, а платныя паслугі, па афіцыйнай статыстыцы, патаннелі на 1,3%. І тым не менш, у гадавым выражэнні паслугі падаражэлі на 10,7%.
З пачатку гэтага года (адносна снежня 2021) інфляцыя склала 11,1%.