Праз год Беларусь можа ўвайсці ў Сусветную гандлёвую арганізацыю

Двухбаковыя перамовы па ўступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю павінны завяршыцца да чэрвеня, а далучэнне да яе магчыма ў канцы 2020 года — пачатку 2021-га, паведаміў першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.

wto_1.jpg

«Калі мы тэхнічна перамовы да лета завершым, то там недзе паўгода павінен быць адміністрацыйна-арганізацыйны перыяд — ідзе зверка тэкстаў, абавязацельстваў, кожная краіна яшчэ раз правярае ўсе заключаныя дамоўленасці. Недзе ў канцы бягучага года — пачатку наступнага мы можам гэта выканаць. Пакуль мэта — завяршыць усе двухбаковыя перамовы да чэрвеня», — сказаў Андрэй Еўдачэнка.
Чарговая міністэрская канферэнцыя СГА, на якой Беларусь магла б далучыцца да арганізацыі, пройдзе ў чэрвені ў Нур-Султане. Аднак з улікам неправедзеных пасяджэнняў рабочай групы з ЗША і Расіяй, графік можа нязначна зрушыцца. «Я не думаю, што гэта будзе мець сур'ёзныя наступствы для тэрмінаў нашага ўступлення. Нават калі мы не зможам уступіць летам, мы плануем завяршыць усе двухбаковыя перамовы да чэрвеня бягучага года. Тэхнічна ўступленне ў СГА магчыма 4 разы ў год, на любой генеральнай сесіі Савета СГА. Таму час у нас ёсць і да канца бягучага года і ў пачатку наступнага», — растлумачыў першы намеснік міністра.
«Мы цесна каардынуем нашы пазіцыі з расіянамі, каб па выніках уступлення ў нас не было сітуацыі, калі будзе ўсталявана мяжа для беларускіх тавараў. Расійскі рынак захоўвае для нас прыярытэт, і мы ўступаем (у СГА. — Заўвага БЕЛТА) у многім на тых жа ўмовах, на якіх уступала Расія. Пакуль у нашых дакументах практычна не адыходзім ад расійскіх абавязацельстваў і нідзе ні разу не парушылі мытны тарыф ЕАЭС», — сказаў Еўдачэнка.