Raiffeisen: Рост ВУП Беларусі ў 2015 годзе будзе нулявым
Аналітыкі аўстрыйскай банкаўскай групы Raiffeisen чакаюць у 2015 годзе нулявы рост беларускай эканомікі.
Паводле ацэнак даследчага падраздзялення банкаўскай групы Raiffeisen Research, рост ВУП Беларусі ў гэтым годзе складзе 0%, а інфляцыя будзе на ўзроўні 18%.
Рост намінальнай заработнай платы прагназуецца на ўзроўні 15%, дэфіцыт рахунку бягучых аперацый складзе 5,9% ВУП. Міжнародныя рэзервовыя актывы, як чакаецца, не зменяцца ў параўнанні з пачаткам
гэтага года і па выніках 2015-га складуць 5,1 млрд. долараў.
Нагадаем, у 2014 годзе рост ВУП Беларусі склаўся на ўзроўні ўдвая ніжэй за прагназаваны (замест афіцыйна прагназуемых 3,3% эканамічны рост склаў 1,6%).
Нізкія тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі ў 2014 годзе эксперты тлумачаць сітуацыяй у Расіі, ВУП якой у выніку дзеяння заходніх санкцый і нізкіх сусветных коштаў на нафту стаў зніжацца.
Згодна з студзеньскім прагнозам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР), ВУП Расіі ў 2015 годзе можа знізіцца на 5%. На гэтым фоне ЕБРР пагоршыў прагноз росту беларускай эканомікі:
замест раней прагназаванага росту ВУП на 0,5% цяпер аналітыкі банка чакаюць падзенне на 1,5%.
Між тым, беларускія ўлады зацвердзілі на 2015 год прагноз па росце ВУП на ўзроўні 0,2-0,7%.
Эксперты беларускага Даследчага цэнтра ІПМ ў сваім макраэканамічным прагнозе адзначаюць, што «далейшае пагаршэнне знешняга асяроддзя, новыя шокі на ўнутраным рынку і адсутнасць доступу
да фінансавання» могуць паставіць пад сумнеў магчымасць дасягнення нават сціплых тэмпаў эканамічнага росту ў 2015 годзе.
Варта адзначыць, што раней беларускія ўлады планавалі на бягучую пяцігодку (2011-2015 гг.) рост ВУП на ўзроўні 62-68%. Для выканання гэтага паказчыка тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі павінны
складаць не менш за 10% у год.
Фактычныя тэмпы эканамічнага росту ў гэтай пяцігодцы складваліся так: 2011 — 5,5%, 2012 — 1,7%, 2013 — 0,9%, 2014
— 1,6%.
БелаПАН