Расія здымае абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю
Расія з аўторка, 21 верасня, здымае ўсе абмежаванні на авіязносіны з Беларуссю і аднаўляе іх з Іспаніяй, Іракам, Кеніяй і Славакіяй.
Такое рашэнне раней прыняў аператыўны штаб па барацьбе з каронавірусам, перадае АФН са спасылкай на ТАСС.
Такім чынам, паветранае злучэнне паміж Расіяй і Беларуссю, часова абмежаванае ў сувязі з распаўсюджваннем каронавіруса, будзе адноўлена ў поўным аб’ёме.
У чэрвені Расія павялічыла колькасць рэгулярных рэйсаў з Беларуссю да 10 на тыдзень. З 1 жніўня РФ падвоіла колькасць рэйсаў з Масквы ў Мінск, а таксама павялічыла іх колькасць з Сочы і Краснадара.
Да ўвядзення абмежаванняў за тыдзень паміж краінамі здзяйснялася больш за 200 рэйсаў, а пасля пачатку пандэміі — усяго 36.
У Ірак самалёты будуць лётаць па маршруце «Масква-Багдад» два разы на тыдзень, у Іспанію будзе ажыццяўляцца па чатыры рэйсы ў тыдзень з Масквы ў Мадрыд і Барселону, а таксама па два разы на тыдзень — у Малагу і Алікантэ. У Кенію самалёты будуць лётаць з Масквы ў Найробі двойчы на тыдзень, у Славакію будзе чатыры рэйса ў тыдзень па маршруце Масква-Браціслава і два рэйса ў тыдзень з Санкт-Пецярбурга ў Браціславу.
Іспанію з чэрвеня гэтага года могуць наведваць замежныя турысты, прышчэпленыя ад каронавіруса вакцынамі, ухваленымі СААЗ або Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў. Пры гэтым расіяне могуць патрапіць у гэтую краіну толькі пры наяўнасці дакументальна пацверджаных падстаў. У прыватнасці, заехаць у Іспанію могуць уладальнікі віду на жыхарства ў краіне, члены экіпажаў, супрацоўнікі дыпламатычных місій, міжнародных або гуманітарных арганізацый і некаторых іншых катэгорый грамадзян. Улады Іспаніі не паведамлялі пра змену правілаў уезду пасля аднаўлення авіязносін.
Для ўезду ў Кенію замежнікі павінны аформіць электронную візу, таксама ім трэба прад'явіць адмоўны вынік ПЦР-тэста на каронавірус.
У Ірак уезд замежным падарожнікам забаронены.