Расійска-беларускі вытворца халадзільнікаў «Атлант-СМ» прызнаны банкрутам
Арбітражны суд Смаленскай вобласці прызнаў банкрутам сумеснае расійска-беларускае ТАА «Атлант-СМ» і ўвёў у дачыненні да яго працэдуру назірання на тэрмін да 15 красавіка 2015 года.
«Кіраўнік ТАА «Атлант-СМ» звярнуўся ў Арбітражны суд Смаленскай вобласці з заявай аб прызнанні прадпрыемства банкрутам. Агульная сума запазычанасці таварыства складае 168,7 млн. рублёў», — паведаміў «Інтэрфаксу» супрацоўнік канцылярыі суда. Ён таксама ўдакладніў, што часовым упраўляючым зацверджаны Андрэй Берсанеў. Судовае паседжанне па разглядзе справаздачы часовага ўпраўляючага аб выніках працэдуры назірання прызначанае на 15 красавіка 2015 года.
Зборачная вытворчасць беларускіх халадзільнікаў ТАА «Атлант-СМ» створана ў сакавіку 2006 смаленскім ААТ «Айсберг» (доля ў статутным капітале — 57,36%) і ЗАТ «Атлант» (Мінск, 42,64%) і размешчана на вытворчай пляцоўцы ААТ «Айсберг» у цэнтральнай частцы Смаленска.
У жніўні 2014 года Арбітражны суд Смаленскай вобласці ўвёў працэдуру назірання ў дачыненні да ААТ «Айсберг». Працэдура банкруцтва пачата па заяве кіраўніцтва прадпрыемства ў сувязі з наяўнасцю ў прадпрыемства крэдыторскай запазычанасці, якая не аспрэчваецца даўжніком і складае 833,3 млн. рублёў.
Па словах гендырэктара ААТ «Айсберг» Юрыя Пататуркі, банкруцтва прадпрыемства пазбавіла яго магчымасці аказваць фінансавую падтрымку даччынаму прадпрыемству — ТАА «Атлант-СМ». У сваю чаргу, другі заснавальнік ТАА «Атлант-СМ» — ЗАТ «Атлант» — заявіў, што гатовы аказваць сумеснаму прадпрыемству толькі тэхналагічную падтрымку.
«Асноўнай праблемай сумеснага прадпрыемства ТАА «Атлант-СМ» сёння з’яўляецца адсутнасць абаротных сродкаў. На жаль, ЗАТ «Атлант» не ў стане аказваць яму фінансавую падтрымку, дамовіцца з банкамі аб перакрэдытаванні не атрымалася, і гэта не дазваляе займацца вытворчасцю. Вытворчасць халадзільнікаў на сённяшні момант спынена, і аднавіць яе з прычыны адсутнасці абаротных сродкаў нерэальна», — паведаміў у жніўні на нарадзе ў Смаленску намеснік гендырэктара ЗАТ «Атлант» па эканоміцы і фінансах Дзмітрый Сакалоўскі.