«Рассельгаснагляд» вырашыць, ці можна «амніставаць» беларускія прадпрыемствы
У панядзелак, 15 траўня, у Маскве пройдзе сустрэча прадстаўнікоў аграрных ведамстваў Беларусі і Расіі. Пра гэта паведаміў дырэктар Дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду Аляксандар Субоцін.
Падчас нарады вырашыцца лёс беларускай прадукцыі, пастаўкі якой забароненыя на спажывецкі рынак суседняй дзяржавы. Прычыны абмежаванняў на ўвоз — неадпаведная якасць і выкарыстанне «санкцыйнай сыравіны» з трэціх краінаў.
Пры канцы тыдня ў Беларусі завяршылі працу экспэрты «Рассельгаснагляду», якія правяралі беларускія прадпрыемствы. Папярэднія вынікі інспекцыі пакуль не агалошваюцца, але, як удакладніў чыноўнік, у панядзелак ён збіраецца ў Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі, дзе запланаваная працоўная сустрэча з намеснікам міністра Яўгенам Непаклонавым.
«Падчас сустрэчы будзе абмяркоўвацца цэлы шэраг пытанняў, у тым ліку і вынікі інспекцыі супрацоўнікаў «Рассельгаснагляду», — сказаў Субоцін.
Паводле афіцыйных дадзеных, за два тыдні прадстаўнікі расейскага ведамства наведалі 13 прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на перапрацоўцы малака, мяса і рыбы. У красавіку пяць групаў спецыялістаў праверылі 18 прадпрыемстваў, толькі два былі «амніставаныя».
svaboda.org