Рэальная зарплата ў верасні знізілася на 4,1% у параўнанні з вераснем 2015 года

Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у верасні 2016 года ў параўнанні з вераснем 2015 года зменшылася на 4,1%.

ac6126353fd77311b3a1ea697cfe4579.jpg


Зніжэнне рэальнай зарплаты ў гадавым вымярэнні назіраецца ўжо больш за паўтара года. У студзені 2016-га яна скарацілася на 2,6%, у лютым — на 4,6%, сакавіку — на 3,2%, красавіку — на 3,8%, маі — на 4,6%, чэрвені — на 4, 5%, ліпені — на 5,3%, жніўні — на 3,9%.
Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў верасні 2016 года склала 732,9 рубля.
Найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў была ў Мінску — 1.014,9 рубля, найменшая — у Магілёўскай вобласці (627,2). У Брэсцкай вобласці сярэдняя зарплата склала 638,4 рубля, у Гомельскай — 656,6, Гродзенскай — 635, Мінскай — 732,2, Віцебскай — 629,1.
Самую вялікую зарплату па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у верасні гэтага года яна склала 3.238,6 рубля. Самую маленькую зарплату ў верасні атрымалі сацыяльныя работнікі — 416 рублёў. Такім чынам, у верасні ў IT-спецыялістаў сярэдні заробак быў у 7,8 разу больш, чым у работнікаў сферы аказання сацыяльных паслуг.
У катэгорыю найбольш высокааплатных уваходзяць: работнікі паветранага транспарту — іх сярэдні заробак у верасні склаў 2.083,2 рубля (у тым ліку пасажырскага транспарту — 2.128,9); хімічнай прамысловасці — 1.192,2; горназдабыўной — 1.212; нафтаперапрацоўкі — 1.166,2; фінансісты і страхоўшчыкі — 1.194,5; работнікі тэлекамунікацыйнай галіны — 1.189,6; архітэктары, бухгалтары і юрысты — 1.105,8; аптавікі — 1.014,5 рубля.
Нізкая зарплата ў работнікаў бібліятэк, музеяў, архіваў (421,2) і творчых работнікаў (455,4).
Сярэдняя вераснёвая зарплата работнікаў транспартнай сферы склала 789,5 рубля, прамысловасці — 800,2, будаўніцтва — 815,1, рознічнага гандлю — 630,7, аховы здароўя — 589, лёгкай прамысловасці — 588,6, адукацыі — 504, сельскай, лясной і рыбнай гаспадарак — 543,3 рубля.
Згодна з прагнозам Мінэканомікі намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата работнікаў у снежні 2016 года павінна вырасці на 14% у адносінах да снежня 2015 года — да 884,1 рубля.
Марына Носава, БелаПАН