Рэзідэнтаў «недружалюбных краін» нічога добрага ў Беларусі не чакае

У Беларусі скарэктаваны ўказ «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі». У прыватнасці, уведзены новыя абмежаванні для рэзідэнтаў недружалюбных краін.

_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg

Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка падпісаў указ № 326, якім унесены карэкціроўкі ва ўказ №93 ад 14 сакавіка 2022 года «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі», піша myfin.by.

У прынятым дакуменце падоўжаныя прадастаўленыя Савету Міністраў указам № 93 паўнамоцтвы на прыняцце рашэнняў у дачыненні да асобных арганізацый рэальнага сектара эканомікі і забеспячэнне збалансаванасці бюджэту.

Дадаткова ўрад надзелены правам павялічваць памеры страхавых унёскаў у дачыненні да транспартных сродкаў замежных дзяржаў, якія разарвалі двухбаковыя пагадненні аб абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.

Глядзіце таксама

Акрамя таго, указам уведзена сістэма кантролю з боку дзяржавы за адчужэннем асобамі з недружалюбных краін прыналежных ім доляў у статутных фондах (акцый), а таксама нерухомай маёмасці беларускіх прадпрыемстваў.

Цяпер такое адчужэнне будзе магчыма толькі з дазволу ўрада і пры ўмове выплаты прадаўцом у мясцовы бюджэт ўнёску ў памеры не менш за 25% ад рынкавага кошту адчужаемых доляй (акцый), нерухомай маёмасці.

Таксама ўведзены збор з юрыдычных асоб, якія аказваюць паслугі па ўездзе і размяшчэнні грузавых аўтамабіляў, зарэгістраваных у краінах ЕС, у спецыяльна ўстаноўленых месцах для здзяйснення грузавых аперацый (у памеры 0,8 базавай велічыні за рэалізаваную арганізацыяй паслугу). Гэтая навацыя навацыя ўступае ў сілу праз 3 месяцы пасля афіцыйнага апублікавання ўказа.

Нагадаем, урад Беларусі пастановай ад 06.04.2022 № 209 зацвердзіў пералік замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб. Беларускім кіраўніцтвам стварэнне падобнага спісу задумвалася як адна з мер у адказ у рамках процідзеяння санкцыйнаму ціску. Мэтай фарміравання пераліку ў пастанове № 209 названа забеспячэнне абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

У пералік «недружалюбных» краін увайшлі: Аўстралія, дзяржавы – чальцы Еўрапейскага Саюза, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Новая Зеландыя, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія і Паўночная Ірландыя, ЗША, Чарнагорыя, Швейцарыя.