Рост спажывецкіх цэн з пачатку года перавысіў 20%

Мінск, 1 снежня. На 20,1% выраслі спажывецкія цэны ў Беларусі з пачатку гэтага года.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за студзень—кастрычнік цэны павялічыліся на 18,1%, з 1 па 27 лістапада — на 1,7%.
 

Найбольшы прырост цэн з пачатку месяца адзначаны на пшанічную муку (8,3%), манную крупу (4,9%), макаронныя вырабы (3,7%), тытунёвыя вырабы (3,4%), мясныя кансервы, сухія малочныя сумесі для дзіцячага і дыетычнага харчавання, хлеб і хлебабулачныя вырабы, сметанковае масла, чай, алкагольныя напоі (2,2-2,9%), ялавічыну (акрамя бескасцёвага мяса), сінтэтычныя мыйныя сродкі (2,9%), мэбля (2,5%), ацяпленне (50,8%), праезд цягніком міжнародных зносін (8,3%), бытавыя паслугі (3,3%), паслугі сувязі (2,4%).
Памідоры падаражэлі на 19,2%, агуркі — на 13,6%, бульба — на 4,8%, яблыкі — на 17,6%, цытрусавыя — на 1,7%.
Цэны на моркву знізіліся на 7,4%, рэпчатую цыбулю — на 6,8%, белакачанную капусту — на 6,5%, буракі — на 5%, бананы — на 4,6%.
Па выніках дзесяці месяцаў 2012 года Беларусь заняла першае месца па росце цэн сярод краін былога СССР. У 2011 годзе яна таксама стала лідарам (108,7%). Сёлета ўлады разлічваюць утрымаць рост цэн у межах 19—22%. Для гэтага за час, што застаўся да новага года, цэны павінны павялічыцца не больш як на 1,6%.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.