S&P — рэйтынг для Беларусі з негатыўным прагнозам

«S&P Global Ratings» пацвердзіла негатыўны прагноз для Беларусі і выказала меркаванне, што з-за магчымых новых санкцый доступ да міжнародных рынкаў капіталу для краіны ў бліжэйшы час будзе закрыты, піша Thinktanks.by.

lynxnpeh5110r_orutp_l.jpg

Рэйтынг, прысвоены кампаніяй «S&P Global Ratings» Беларусі, — «B», прагноз змены рэйтынгу — «негатыўны».

Як гаворыцца ў паведамленні, верагодныя новыя санкцыі з боку ЕС у дачыненні да Рэспублікі Беларусь у адказ на прымусовую пасадку пасажырскага самалёта могуць прывесці да зніжэння экспартных даходаў краіны, што абумовіць далейшае скарачэнне і без таго адносна невысокіх валютных рэзерваў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (НБРБ).

Калі санкцыі прывядуць да ўзмацнення ізаляцыі Беларусі, перспектывы развіцця яе эканомікі яшчэ ў большай ступені, чым раней, будуць залежаць ад пазіцыі Расіі і гатоўнасці расійскага ўрада аказваць падтрымку Беларусі.

На думку экспертаў S&P, нягледзячы на вылучэнне другога транша ў межах крэдыта на 1 мільярд долараў, расійская фінансавая падтрымка Беларусі ў апошні час зніжаецца. Гэта звязана з праблемамі і супярэчнасцямі паміж дзвюма краінамі, што ўзніклі апошнім часам.

У некаторых выпадках раней такія супярэчнасці прыводзілі да прыпынення выдзялення сродкаў па ўжо заключаных дамовах аб крэдытных лініях. Апошнія крэдыты, прадастаўленыя Расіяй, прызначаныя для рэфінансавання доўгу Беларусі і не з'яўляюцца прадастаўленнем дадатковых крэдытных рэсурсаў, гаворыцца ў аглядзе.