Саўмін разгледзіць праект дэкрэта пра "дармаедаў"

Праект дэкрэта пра "дармаедаў", або, як яго называюць ўлады — пра стымуляванне занятасці грамадзян — унесены ў Савет Міністраў Беларусі,  пасля чаго будзе прадстаўлены на подпіс Лукашэнку.



hramadzinie_darmajedy.jpg

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіла Расолькі, у праекце дэкрэта выразна прапісана, каму давядзецца заплаціць падатак, а каму не.

Да апошніх, напрыклад, адносяцца бацькі малалетніх дзяцей і інваліды. Аднак агучваць падрабязнасці чыноўнік не стаў, падкрэсліўшы толькі, што дэкрэт накіраваны на тое, каб ліквідаваць практыку, калі працаздольныя грамадзяне афіцыйна нідзе не працуюць, атрымліваюць ценявыя даходы, не плацяць падаткі і пры гэтым карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі выгодамі, якія прадастаўляе дзяржава.

У пачатку сакавіка віцэ-прэм'ер Качанава паведамляла, што ўжо ў бліжэйшы час дэкрэт будзе прадстаўлены на подпіс Лукашэнку.

Нагадаем, па папярэдняй інфармацыі, згодна з дэкрэтам, працаздольныя грамадзяне, якія на працягу шасці месяцаў не плацілі падаткі, абавязаныя раз у год аплачваць нейкі збор памерам 20 базавых велічынь. За ўхіленне, несвоечасовую або няпоўную выплату збору будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Чыноўнікі налічылі ў краіне 400 тысяч дармаедаў,  якіх, імаверна, і закране новы дэкрэт.