Сямашка: Нам удалося на працягу года змяніць сітуацыю ў эканоміцы
2017 год з'яўляецца пераломным для беларускай эканомікі, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 20 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.
"Гэты год з'яўляецца пераломным у плане выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2016—2020 гадах. Нам удалося на працягу года змяніць сітуацыю, і можна сказаць, што паступальны рух будзе працягнуты. За 10 месяцаў 2017 года ВУП дэманструе ўпэўнены рост — 102, 2%. Асноўны ўклад у фарміраванне ВУП унесла прамысловасць, якая, як гэта было ва ўсе папярэднія гады, з'яўляецца лакаматывам нашай эканомікі", — падкрэсліў віцэ-прэм'ер.
Па выніках студзеня—лістапада, зазначыў Сямашка, рост у прамысловасці склаў 6,2%. Гэта, паводле яго слоў, высокі паказчык у параўнанні з суседнімі краінамі: у Расіі ў студзені—кастрычніку рост склаў 1,6%, ва Украіне — знізіўся на 0,2%.
Сямашка ўдакладніў, што рост дэманструюць 11 з 13 галін беларускай эканомікі. "З найбольшай аддачай працуюць мадэрнізаваныя галіны, якія працуюць на айчыннай сыравіннай базе. Гэта перш за ўсё дрэваапрацоўка — рост на 19,3%, цэлюлозна-папяровая прамысловасць, лёгкая прамысловасць, вытворчасць будматэрыялаў і машынабудаванне", — удакладніў віцэ-прэм'ер.
2017 год "дазволіць выйсці, як цяпер модна казаць, на трэнд і паспяхова завяршыць пяцігодку да 2020 года", лічыць Сямашка.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН