Сямашка: Заходнія краіны зацікаўленыя ў рэсурсе Беларускай АЭС
Уладзімір Сямашка распавёў, што наконт продажу энергіі Беларускай АЭС ідуць перамовы з "заходнімі партнёрамі", паведамляе «Еўрарадыё».
Заходнія краіны зацікаўленыя ў рэсурсе Беларускай АЭС. Такую заяву ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1" зрабіў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка. А хто менавіта збіраецца купляць электрычнасць — камерцыйная таямніца, кажа Сямашка. Паводле яго слоў, ідуць перамовы з "заходнімі партнёрамі". Відаць, у іх лік не ўваходзіць Літва, якая ўжо заявіла, што не збіраецца купляць электраэнергію з Астравецкай АЭС. Літоўцы вельмі незадаволеныя, што яна будуецца каля іх мяжы, лічаць, што атамная станцыя можа несці небяспеку.
"Калі станцыя запрацуе, мы думаем, у нас істотна ніжэй будзе сабекошт энергіі, напрыклад, чым у Расійскай Федэрацыі, — кажа Сямашка. — Калі ўзяць сёння постсавецкую прастору, Еўразійскі саюз, СНДэшную прастору, у нас самая эфектыўная электраэнергетыка, самае нізкае спажыванне паліва. У нас патэнцыйна пры стварэнні такога рынку электраэнергіі, у нас энергія пацячэ ў адваротны бок. Не з усходу на захад Беларусі, а найхутчэй наадварот пойдзе. З уводам станцыі гэтая сітуацыя, тэндэнцыя, пазіцыя, яна яшчэ ўзмоцніцца".
Паводле планаў, першы энергаблок Беларускай АЭС мусіць пачаць працаваць у поўную сілу да канца 2019 года.