Сярэдні заробак — 319 долараў. Як жывуць самыя дэпрэсіўныя рэгіёны Беларусі

Запазычанасць на дзясяткі мільёнаў і адмоўная рэнтабельнасць продажаў. У якіх рэгіёнах самыя нізкія заробкі — распавядае «Свабода».

62fa5184_93e7_4d36_a0cf_ec482515c61c_w1023_r1_s.jpg

Шаркаўшчына — 776 рублёў

У антырэйтынгу рэгіёнаў з самымі нізкімі заробкамі за мінулы год — Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці. Сярэдні намінальны заробак тут — 776,1 рубля, або 319 долараў па сярэднегадавым курсе, падлічвае Белстат.

Крэдыторская запазычанасць арганізацый раёна на 2021 год — 34,1 мільёна рублёў. 23,4% даўгоў — гэта пратэрмінаваная запазычанасць, то-бок не сплачаная ў час.

Больш за траціну насельніцтва Шаркаўшчыны старэйшае за працоўны ўзрост. Рэнтабельнасць продажаў у арганізацый на Шаркаўшчыне — мінус 0,2%, то-бок прадаюць са стратамі.

Дарэчы, у Шаркаўшчынскім раёне самы нізкі заробак у Беларусі ўжо другі год запар.

Аснова эканомікі раёна — гэта сельская гаспадарка. Тут працуе Шаркаўшчынскі кансервавы завод — філіял «Полацкай універсальнай базы», ён выпускае пладовыя віны.

Кармянскі раён — 793 рублі

Другі ў антырэйтынгу па сярэдніх заробках — Кармянскі раён: 793 рублі на месяц, або 326 долараў па сярэднегадавым курсе. З 2019 па 2020 год насельніцтва Кармянскага раёна скарацілася на 223 чалавекі. 20% жыхароў раёна старэйшыя за працаздольны ўзрост.

Арганізацыі раёна вінныя па крэдытах 47 мільёнаў рублёў, 12,3% крэдытаў — пратэрмінаваныя, то-бок іх не вярнулі ў час.

У Карме працуе другі філіял «Рэчыцкі тэкстыль», хлебны завод і «Кармянскі ільнозавод», таксама тут працуе сем сельскагаспадарчых арганізацый.

Калі глядзець па вакансіях, то ў Кармянскім раёне заробкі прапануюць яшчэ меншыя, чым сярэдні за мінулы год. Напрыклад, цырульніку — 417 рублёў, столькі ж гатовыя плаціць лекару.

Мсціслаўскі раён — 805 рублёў

Сярэдні заробак за мінулы год у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці — 805 рублёў, або 331 долар па сярэднегадавым курсе. За год (з 2019 па 2020) жыхароў раёна стала менш на 426 чалавек. Запазычанасць арганізацый раёна — 130 мільёнаў рублёў, 23,7% крэдытаў — пратэрмінаваныя.

У раёне працуе адкрытае акцыянернае таварыства «Мсціслаўлён» і філія булачна-кандытарскай фабрыкі. Сярод вакансій з агульнадзяржаўнага банку вакансій заробкі яшчэ меншыя. Кіроўцу аўтамабіля прапануюць 420 рублёў на месяц, трактарысту — 410 рублёў.

Хоцімскі раён — 826 рублёў

Сярэдні заробак за мінулы год у Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці — 826 рублёў, гэта 339 долараў па сярэднегадавым курсе за мінулы год. За год жыхароў раёна стала менш на 233 чалавекі.

Запазычанасць усіх арганізацый раёна — 61,3 мільёна рублёў, 21% усіх крэдытаў пратэрмінаваныя. З прамысловасці ў рэгіёне працуе Хоцімскі ільнозавод. У вакансіях Хоцімскага раёна можна знайсці працу і за большы заробак, чым сярэдні па рэгіёне.

Напрыклад, прарабу прапануюць ад 1000 рублёў, столькі ж — слесару-сантэхніку.

Слаўгарадскі раён — 831 рубель

Сярэдні заробак у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці за мінулы год — 831 рубель за месяц, гэта 341 долар па сярэднім леташнім курсе.

Жыхароў раёна за год стала менш на 174 чалавекі. Даўгі ўсіх арганізацый раёна — 56,6 мільёна рублёў, 21,7% усіх даўгоў пратэрмінаваныя. Аснова эканомікі раёна — сельская гаспадарка. У агульнарэспубліканскім банку вакансій заробкі прапануюць яшчэ меншыя, чым сярэдні па рэгіёне.

Дарожнаму рабочаму прапануюць заробак у 420 рублёў, машыністу крана — 600 рублёў.