Сярэдні заробак у Беларусі ўпаў упершыню з красавіка

Самымі нізкімі на гэты раз зноў аказаліся заробкі ў адукацыі — але ў гэтай галіне заробкі нават выраслі.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3_.jpg

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў інфармацыю пра сярэдні заробак у Беларусі за верасень 2023 года, паведамляе myfin.by.

Паказчык знізіўся ў першы раз за некалькі месяцаў. У пачатку восені заробкі ў большасці сфер рэальнага сектара эканомікі падалі, у той час як айцішнікі і некаторыя катэгорыі бюджэтнікаў адчулі рост даходаў.

Як паведаміў Белстат, у верасні намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў у Беларусі склала 1939,8 рубля да выліку падаткаў – гэта на 22,6 рубля менш, чым было ў папярэднім месяцы.

Варта адзначыць, што гэта першае зніжэнне паказчыка з красавіка гэтага года — да гэтага сярэднія зарплаты па краіне павялічваліся на працягу чатырох месяцаў запар.

Адзіным рэгіёнам, дзе сярэднія заробкі паказалі рост (хоць і нязначны) стаў Мінск, пры гэтым самае сур'ёзнае падзенне паказчыка назіралася ў Мінскай і Гродзенскай абласцях: 

  • Горад Мінск — 2602,2 руб. (+0,47%);

  • Мінская вобласць — 1950,3 руб. (-3,42%);

  • Гомельская вобласць — 1769,4 руб. (-1,7%);

  • Гродзенская вобласць — 1733,7 руб. (-2,4%);

  • Брэсцкая вобласць — 1722,4 руб. (-1%);

  • Віцебская вобласць — 1648,3 руб. (-1,37%);

  • Магілёўская вобласць — 1623,2 руб. (-0,44%).

Сярод галін па-ранейшаму апярэджвае ўсіх сфера інфармацыі і сувязі — тут сярэдні заробак у верасні склаў 5295 рублёў (+3,75%).

У тройцы лідараў таксама апынуліся фінансава-страхавая дзейнасць (2669,7 рубля, -7,76%), а таксама прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць (2519,4 рубля, +2,29%).

У сельскай гаспадарцы ў параўнанні са жніўнем сярэднія заробкі ўпалі на 4,55% да 1582,8 рубля. У прамысловасці заробкі скараціліся на 2,09% да 2124,5 рубля, у будаўніцтве – на 2,73% да 2256,8 рубля, у гандлі — на 0,15% да 1726,3 рубля, у транспарце — на 4,05% да 1958,6 рубля.

Самымі нізкімі на гэты раз зноў аказаліся заробкі ў адукацыі (1296,4 рубля), прычым у параўнанні са жніўнем яны павысіліся 4,81%.