Сёння падпішуць пагадненне, паводле якога візы для беларусаў будуць каштаваць 35 еўра
На сёння, 8 студзеня, запланавана падпісанне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Пра гэта паведаміла прадстаўніцтва ЕС у Мінску.
У снежні ЕС прапанаваў беларускаму боку падпісаць пагадненні па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ў студзені ў Бруселі. У МЗС Беларусі неаднаразова паўтаралі, што гатовыя да падпісання з верасня, але з-за таго, што еўрапейскія партнёры за тры месяцы не змаглі завяршыць свае працэдуры, беларусы «патрапілі» на новы Візавы кодэкс ЕС і з лютага «шэнген» для нас на некалькі месяцаў падаражэе да 80 еўра.
Беларускі МЗС заклікаў ЕС да ўступлення ў сілу пагадненняў, па якіх візы патаннеюць да 35 еўра, знайсці магчымасць «замарозіць» кошт на «шэнген» для беларусаў на ўзроўні 60 еўра. ЕС гэтую прапанову не прыняў, але паскорыў працэдуру падпісання пагадненняў.
Пасля падпісання пагаднення ўсімі бакамі, яно ўступіць у сілу першага чысла другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.
tut.by