Склады не разгружаны, Мясніковіч не звольнены

Сёння заканчваецца тэрмін, які Аляксандар Лукашэнка адвёў ураду на разгрузку складоў. Кіраўнік краіны тады прыгразіў — па выніках першага квартала прэм’еру Міхаілу Мясніковічу давядзецца адказваць за сітуацыю сваёй пасадай. Эксперты, з якімі размаўляў карэспандэнт Свабоды, адзначаюць: пасля папярэджання становішча змянілася толькі ў горшы бок.  



miasnikovic1.jpg

Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

Складзкія запасы за першыя два месяцы 2014 году дасягнулі гістарычнага максымуму, сказаў Свабодзе доктар эканамічных навук, прафэсар Барыс Жаліба. На складах ляжыць прадукцыі на 33 трыльёны рублёў:
 

«Валавы ўнутраны прадукт — зь мінусам. Аб’ём прамысловасьці — зь мінусам. Сельская гаспадарка — зь мінусам. І ўсё гэта замест росту. Запасы гатовай прадукцыі дасягнулі гістарычнага максымуму ў 33 трыльёны рублёў. Гэта 84% сярэднемесячнага выпуску, пры тым, што дапушчальным максымумам лічыцца 50%. Карацей, што ні возьмеш, усё ў мінусах. То бок лічбы кажуць, што гэта правал поўны. І, паводле словаў прэзыдэнта, трэба мяняць урад».
 

«Задачу, якую паставілі перад урадам, каманда Мясьніковіча пасьпяхова праваліла», — адзначае эканаміст Леў Марголін.
 

gdb.rferl.org__8e2fe91a_2a85_4_e90eecbcd727f30df0ec69ae5ae4009d.jpeg


Леў Марголін

«Няма ніякіх інструмэнтаў, якія б дапамаглі ўраду разгрузіць склады. Магчыма, гэта можна было б зрабіць, калі панізіць кошты на прадукцыю, якая затаварылася на складах, удвая. І то гэта ня факт, што ў ёй ёсьць патрэба. Бо самая галоўная праблема нашай прамысловасьці — гэта тое, што мы выпускаем прадукцыю, не зважаючы на тое, ёсьць на яе попыт ці няма. Таму мы і вымушаныя жыць так: з аднаго боку, вырабляць прадукцыю, а з другога — думаць, што пасьля зь ёй рабіць. Такая ў нас сыстэма, такі ў нас лёс».
 

Аляксандар Лукашэнка паставіў перад урадам дзьве асноўныя задачы — разгрузіць склады і палепшыць фінансавы стан прадпрыемстваў, — згадвае экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:
 

«Ні аднаго, ні другога мы ня бачым. Адпаведна, урад можа пасыпаць галаву попелам і казаць, што нічога з заплянаванага ня зроблена. І нават дазвол Мясьніковіча прадаваць заляжалыя тавары ніжэй за сабекошт не дапамагае. Нашы прадпрыемствы і іх кіраўнікі загнаныя ў замкнёнае кола. Ім могуць дазволіць прадаваць тавар ніжэй за сабекошт і адначасова патрабаваць фінансавых паказьнікаў адсутнасьці стратнасьці. Таму яны і знаходзяцца ў коле, якое цяжка разарваць».
 

Усе мае суразмоўцы ўпэўненыя: Лукашэнка адправіць каманду Мясьніковіча ў адстаўку. Але калі гэта адбудзецца? Тут думкі экспэртаў разыходзяцца. Так, Барыс Жаліба прагназуе:
 

gdb.rferl.org__1927f990_9962_4_2013ce96078cee30f935ec65a8b2d0c8.jpeg


Барыс Жаліба

«Я ня ўпэўнены, што гэта адбудзецца днямі. Для гэтага ёсьць пэўныя прычыны. Напрыклад, наперадзе хакейны чэмпіянат сьвету. І таму пакуль немэтазгодна ўрад мяняць. Гэта ўжо справа прэзыдэнта — ці адпраўляць у адстаўку адразу, як ён абяцаў, ці яшчэ трохі пачакаць».
 

Леў Марголін не выключае, што адстаўка можа адбыцца ў першай дэкадзе красавіка:
 

«Тут ёсьць пэўны пэрыяд, пакуль зьбіраюцца справаздачы за сакавік. Нават самыя апэратыўныя будуць зьведзеныя не раней за 5–6 красавіка. Таму калі мы ўбачым нейкія адміністратыўныя захады, то гэта будзе бліжэй да 10-га. Калі ж да 10-га гэта не адбудзецца, то, я думаю, далей ужо нічога ня будзе наагул».
 

Антон Болтачка думае, што Мясьніковічу дадуць дапрацаваць аж да прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць увосень 2015 году:
 

«Таму што разумней за ўсё Лукашэнку зрабіць гэта перад выбарамі, каб скінуць на ўрад усе грахі, якія сабраліся за гэты час. І сказаць, што ў новую пяцігодку мы ўступаем з новымі (маладымі альбо немаладымі) рэфарматарамі».
 

За тыя амаль 20 гадоў, цягам якіх Аляксандар Лукашэнка кіруе Беларусьсю, прэм’ерамі былі:Міхаіл Чыгір, Сяргей Лінг, Уладзімер Ярмошын, Генадзь Навіцкі, Сяргей Сідорскі, Міхаіл Мясьніковіч.

www.svaboda.org