Сусветны банк заклікаў Беларусь скараціць неэфектыўны дзяржсектар
Беларускай эканомікі неабходныя глыбокія структурныя рэформы, якія скарацілі б неэфектыўны дзяржсектар, заявіў 22 кастрычніка дырэктар аддзелу Беларусі, Украіны і Малдовы Сусветнага банка Чымяа Фан на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
"Краіне неабходны рэформы, якія дазволяць пераразмеркаваць абмежаваныя рэсурсы з неэфектыўнага дзяржаўнага ў больш эфектыўны прыватны сектар", — сказаў ён.
Па яго словах, рост дысбалансаў выкліканы структурнымі праблемамі ў беларускай эканоміцы, перадае РИА "Новости".
У ліку неабходных мер прадстаўнік СБ назваў лібералізацыю рынку працы і прадуктовага рынку, у тым ліку зняцце цэнавага кантролю, трансфармацыю дзяржпрадпрыемстваў, памяншэнне іх субсідавання, павышэнне ўзроўню самастойнасці іх менеджменту, правядзенне канкурэнтнай і празрыстай прыватызацыі.
Як адзначыў Чымяа Фан, няма ніякай аб'ектыўнай прычыны, чаму пякарні або пральні павінны быць ва ўласнасці дзяржавы.
СБ: ВУП Беларусі вырасце толькі на 1%
На прэс-канферэнцыі таксама быў прадстаўлены эканамічны агляд, згодна з якім рост ВУП Беларусі ў 2013 годзе складзе 1%, у 2014 годзе — 1,5% і ў 2015-м — 2%. Адмоўнае сальда рахунку бягучых аперацый Беларусі можа вырасці ў 2013 годзе да 8,9% ВУП.
На думку аўтараў агляду, знешнія ўмовы, у тым ліку абавязацельствы Беларусі перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС, вымусяць абмежаваць унутраны попыт у чацвёртым квартале 2013 года і на працягу 2014 года. У выніку гэтага, па ацэнцы экспертаў, тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць нізкімі, перадае БелаПАН.
Нізкія тэмпы росту ВУП у 2013 годзе, лічаць у Сусветным банку, абумоўленыя зніжэннем аб'ёмаў прамысловай вытворчасці і знешняга попыту на беларускую прадукцыю. На іх думку, падзенне чыстага экспарту, што адбывалася хуткімі тэмпамі ўжо ў першым квартале, у другім квартале паскорылася ў выніку запаволення росту ў Расіі і зніжэння экспартных цэн на калійныя ўгнаенні з-за разрыву паміж "Беларуськаліем" і "Уралкаліем".
Інфляцыю ж эксперты СБ чакаюць на канец года на ўзроўні больш за 15%. Паводле ацэнак Сусветнага банка, інфляцыя ў 2014 годзе складзе 15,2%, у 2015-м — 16,2%.