Танкісты адступаюць. Беларускі бізнэсмэн № 1 зачыніў мабільнае падраздзяленне ў ЗША

Кампанія Wargaming, асноўным уладальнікам якой з'яўляецца беларус Віктар Кіслы, закрыла амерыканскае падраздзяленне па выпуску мабільных гульняў , пішуць «Ведомости».




kislyy_viktor222.jpg


Галаўны офіс стваральнікаў World of Tanks знаходзіцца на Кіпры, у Мінску размешчаны найбуйнейшы офіс кампаніі, дзе на пачатак года працавала каля 2 тыс. чалавек. Паводле інфармацыі расійскага выдання, утрымліваць офіс у Сіэтле стала занадта дорага. Там працавала 64 чалавека.

Як сказаў кіраўнік WG Cells Дэвід Блюм выданню Geekwire, мабільныя гульні — складаны рынак, ён патрабуе экспертызы і пэўных затрат, якія не заўсёды ўхвалялі Wargaming.

Кіслы сказаў «Ведомостям», што мабільныя гульні застаюцца важным напрамкам  Wargaming і WG Cells — усяго толькі адно з падраздзяленняў, якое было вырашана закрыць. Паводле яго слоў, гэта быў эксперымент у галіне казуальных мабільных гульняў, які пакуль нельга назваць удалым. WG Cells выпусціла гульні Loot & Legends, Fantastic Plastic Squad, Smash Squad.

«У мэтах аптымізацыі работы па стратэгічна важным мабільным кірунку, было прынята рашэнне расфармаваць WG Cells. Мабільная распрацоўка, якая па-ранейшаму застаецца важным напрамкам працы кампаніі, будзе сфакусаваная ў шэрагу розных ключавых для рынку рэгіёнах, а не ў адным месцы. Гэта дазволіць кампаніі аператыўна рэагаваць на змены, якія адбываюцца на гэтак дынамічна развіваючымся рынку. Тым не менш, офіс у Сіэтле застаецца — там будзе працаваць каманда Крыса Тэйлара», — адзначылі ў прэс-службе кампаніі.

Уладальнік віртуальных танкаў, самалётаў і судоў 40-гадовы Віктар Кіслы па версіі «Ежедневника» з'яўляецца самым паспяховым і ўплывовым бізнэсмэнам Беларусі — 2016 г. Кошт кампаніі, дзе ён напрамую валодае пакетам у 38%, у гэтым годзе ацэньваўся ў 1,5 млрд даляраў.

Самы папулярны праект Wargaming - гульня World of Tanks, у яе гуляюць каля 100 млн чалавек. Аналітычная кампанія Superdata ацэньвала выручку Wargaming ў 2015 годзе ў $ 590 млн. Кампанія працягвае актыўна развівацца, набываючы актывы па ўсім свеце і здзіўляючы Мінск гучнымі акцыямі, накшталт брэндавання «Боінга» і прыезду ў мінскі офіс кампаніі знакамітага амерыканскага акцёра Стывена Сігала.

Паводле tut.by