Тавараабарот Беларусі і ЕС знізіўся больш чым на чвэрць
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, тавараабарот з краінамі Еўрапейскага саюза ў студзені—жніўні 2013 года знізіўся на 26,5% і склаў 14 млрд. 409,5 млн. долараў. Летась за гэты перыяд тавараабарот вырас на 26,9%.
За студзень—жнівень гэтага года экспарт у ЕС паменшыўся на 45,8% (7 млрд. 555,2 млн. долараў), імпарт — вырас на 20,7% (6 млрд. 854,3 млн. долараў). Станоўчае сальда склала 700,9 млн. долараў.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў студзені—жніўні 2013 года з'яўляліся: Расія — 48,7% усяго аб'ёму тавараабароту, Украіна — 8,2%, Нідэрланды і Германія — па 6%, Кітай — 4,2%, Польшча — 2,8%, Італія — 2,4%, Літва — 1,9%, Злучанае Каралеўства — 1,3%, Казахстан — 1,1%.
Экспарт тавараў у Расію склаў 11 млрд. 97,6 млн. долараў ЗША, што на 5,3% больш, чым за студзень—жнівень 2012 года, імпарт з Расіі — 15 млрд. 251,9 млн. (на 21,7% менш).
Аб'ём экспарту ва Украіну дасягнуў 3 млрд. 50,4 млн. долараў (на 21,2% менш), імпарту ў Беларусь — 1 млрд. 388,4 млн. (на 5,4% менш).
У Нідэрланды экспартавана тавараў на 2 млрд. 974,9 млн. долараў (на 52,4% менш за паказчык студзеня—жніўня 2012 года), імпартавана — на 287,9 млн. (на 4,7%
больш).
Экспарт у Германію склаў 1 млрд. 172,9 млн. долараў (на 0,8% больш), імпарт — 2 млрд. 47,6 млн. (на 29,9% больш).
У Кітай экспартавана тавараў на 378,6 млн. долараў (на 0,3% больш), імпартавана — на 1 млрд. 884,5 млн. (на 41,7% больш).
Экспарт у Польшчу склаў 529 млн. долараў (на 21,9% менш), імпарт — 998,8 млн. (на 18,6% больш).
Экспарт у Італію дасягнуў 614,9 млн. долараў (на 50,1% больш), імпарт — 700,4 млн. (на 16,9% больш).
У Злучанае Каралеўства экспартавана тавараў на 434,3 млн. долараў (на 32,9% больш), імпартавана — на 271,1 млн. (на 16,1% больш).
У Літву аб'ём экспарту знізіўся да 724,8 млн. долараў (на 17,2% менш), імпарт павялічыўся да 282,2 млн. (на 29,5% больш).
Рэзка скараціўся экспарт у Латвію — на 86,8% да 401,2 млн. долараў, імпарт вырас на 2,2% і склаў 96,9 млн. долараў.
У ЗША экспарт дасягнуў 56,9 млн. долараў (на 17,7% больш), імпарт знізіўся да 389,6 млн. (на 14,1% менш).
У Францыю экспарт склаў 54,1 млн. долараў (на 5,9% менш), імпарт — 334,9 млн. (на 18,5% больш).
Марына Носава, БелаПАН