Топ-10 бар’ераў для развіцця беларускага бізнесу — 2019

Кампанія MIA Research па замове Даследчага цэнтра ІПМ правяла апытанне з мэтай вывучэння ўспрымання малымі і сярэднімі прыватнымі прадпрыемствамі ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі.

sciana_3.png

Апытанне адбылося ў ліпені-жніўні 2019 года. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі 401 кампаніі, што дзейнічае ў Беларусі. Даследаванне было праведзена ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Развіццё Кастрычніцкага эканамічнага форуму», які рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

Бар’еры-2019

У прыватнасці, у ходзе апытання, бізнесменам было прапанавана назваць найбольш істотныя знешнія бар’еры для развіцця бізнесу ў Беларусі. На падставе іх адказаў Thinktanks.by склаў Топ-10 бар’ераў дл бізнесу.
Найбольш папулярным адказам прадпрымальнікаў апынуліся высокія стаўкі падаткаў. Так лічыць 50% апытаных.
Таксама вельмі сур’ёзнай для прадпрымальнікаў праблемай з’яўляюцца цяжкія адміністрацыйныя працэдуры (ліцэнзіі, сертыфікацыя, праверкі і інш.). Іх у якасці бар’ера назвалі 46,8% рэспандэнтаў.
На трэцім месцы па праблемнай папулярнасці — няроўныя ўмовы дзейнасці ў параўнанні c дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Такі адказ дало 44,3% рэспандэнтаў.
Зменлівае заканадаўства (у тым ліку падатковае) апынулася на чацвёртай пазіцыі ў топе бар’ераў — яго згадалі 43,5 апытаных.
Пятае месца — занялі высокія працэнтныя стаўкі. Іх назвалі 40% бізнесменаў.
Далей у рэйтынгу па меры змяншэння адказаў рэспандэнтаў аказаліся нестабільнасць нацыянальнай валюты (высокая інфляцыя, непрадказальныя змены валютнага курса); неэфектыўная судовая сістэма (суды не з’яўляюцца незалежнымі, складанасці з забеспячэннем выканання кантрактаў, правоў інвестараў і т.п.); адвольная трактоўка заканадаўства органамі ўлады; нядобрасумленная канкурэнцыя з боку іншых удзельнікаў рынка.
Замыкае Топ-10 беларускіх бар’ераў высокая арэндная плата. Яе назвалі праблемай 22,8% прадстаўнікоў беларускіх кампаній.

Праблемы амаль не мяняюцца

Характэрна, што многія бар’еры для развіцця бізнесу ў Беларусі захоўваюцца гадамі. У мінулым годзе прадстаўнікі Даследчага цэнтра ІПМ вылучылі, на падставе апытанняў, асноўныя праблемы малых і сярэдніх прадпрыемстваў на працягу 2010-2018 гадоў.
Галоўным бар’ерам бізнес тады называў высокія стаўкі падаткаў. Пра гэта паведаміла 59% рэспандэнтаў.
47% лічыла праблемай зменлівае заканадаўства (у тым ліку падатковае).
46% апытаных назвалі цяжкія адміністрацыйныя працэдуры (ліцэнзія, сертыфікацыя, праверкі і інш.)
44% палічылі праблемай высокія працэнтныя стаўкі.
40% бізнесменаў называлі бар’ерам высокую арэндную плату.
Усе гэтыя праблемы застаюцца сярод асноўных і ў рэйтынгу 2019 года.