Торф замест паветра

Глабальны экалагічны фонд можа адмовіцца ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Прычына ў тым, што забалочаныя на грошы ГЭФ тэрыторыі ўрад хоча аддаць пад распрацоўку торфу, бо ёсць дзяржаўныя праграмы павелічэння торфаздабычы.



85f3375756047fba207ce9b85780313b.jpg

Глабальны экалагічны фонд можа адмовіцца ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Прычына ў тым, што забалочаныя на грошы ГЭФ тэрыторыі ўрад хоча аддаць пад распрацоўку торфу, бо ёсць дзяржаўныя праграмы павелічэння торфаздабычы.
Летась Савет міністраў прыняў пастанову №794 ад 17 чэрвеня, у якой вызначаныя перспектыўныя радовішчы для здабычы торфу. Але знаходзяцца яны ў асабліва ахоўных тэрыторыях: біялагічным заказніку мясцовага значэння «Марочна», рэспубліканскі ландшафтным заказніку «Выганашчанскае», рэспубліканскім біялагічным заказніку «Дакудаўскі». Усяго восем мясцовых і рэспубліканскіх заказнікаў. Абсурднасць у тым, што ў некаторыя з гэтых балот былі ўкладзеныя немалыя сродкі на іх аднаўленне пасля глабальнай праграмы асушэння за савецкім часам. Урад Беларусі вырашыў аднавіць праграму па асушэнню балот, каб часткова забяспечыць краіну ўласнымі энергарэсурсамі. Яшчэ адной нагодай для павелічэння аб’ёмаў здабычы торфу стала нарошчванне магутнасцяў беларускіх цэментных заводаў, для працы якіх вырашылі выкарыстоўваць торф.
Вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Казулін адзначае: без балот Беларусь зменіцца незваротна.
“У чым значэнне прыродных балот: захаванне і падтрыманне запасаў чыстай прэснай вады, падтрыманне станоўчага вугляроднага балансу, падтрыманне біярэжыму рэк, змякчэнне кліматычных анамалій і, канешне ж, захаванне біялагічнай разнастайнасці, — распавядае навуковец. — Калі прапагандавалі, што ў Беларусі ёсць 4,4 мільярды тон запасу торфу, то ўрад паверыў і пачаў новую дзяржпраграму па здабычы торфу. Але, калі пачалі разбірацца, дзе ж тыя запасы, і Мінпрыроды даручылі разабрацца, колькі ў нас торфу, то выявілася, што 1,58 мільярда тон — землі сельскагаспадарчых угоддзяў, ахоўваемыя тэрыторыі 0,7 мільярда тон; 0,48 мільярда тон знаходзяцца на плошчах, якія цяпер распрацоўваюцца. Яшчэ 1,48 мільярда тон знаходзіцца на неразмеркаваных тарфяніках, але яны маленькія, плошчаю да ста гектараў, і там няма сэнсу будаваць нейкія заводы, гэта эканамічна не выгодна. У Беларусі больш няма магчымасці здабываць торф у буйных маштабах, гэта нерэальна. І быццам бы гэта ўсім зразумела, апроч Саўміна, не разумеюць і некаторыя дзеячы, якія прапагандуюць здабычу торфу.
Практычна ўсе буйныя балоты Беларусі знаходзяцца на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях. Натуральна, там забароненыя асушэнне і здабыча торфу. І намеры беларускіх уладаў пачаць там распрацоўку торфу выклікалі міжнародны скандал.
“Першапрычына гэтага ў тым, што няма агульнай нацыянальнай стратэгіі адносінаў да балот, і яе трэба тэрмінова распрацаваць сумесна з Міністэрствам энергетыкі, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрствам лясной гаспадаркі, трэба распрацаваць такую стратэгію, зрабіць спіс усіх балот з указаннем, як іх можна выкарыстоўваць, — тлумачыць супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Казулін. — Якія праблемы ўзнікаюць у сувязі з арганізацыя здабычы торфу? Гэта абмяленне рэк, недахоп прэснай вады, пагаршэнне экалагічнай сітуацыі, павялічэнне выдзялення СО2, праблемы з рэалізацыяй міжнародных канвенцый. І ў Глабальным экалагічным фондзе, калі даведаліся, што творыцца ў Беларусі, напісалі ліст у прадстаўніцтва ААН у Беларусі аб тым, што няма ўстойлівасці праектаў — грошы ўкладзеныя ў праекты, а тут жа пішуць планы зноў здабываць там торф. Ідуць разборкі, але яшчэ не скончыліся.
Аляксандр Казулін адзначае, што нават калі будуць скасаваныя ахоўваемыя тэрыторыі, то торфу ўсё адно хопіць гадоў толькі на 30–40, а потым у Беларусі будзе пустыня.
У Беларусь працаваць на балотах прыязджаюць навукоўцы з іншых краінаў. Спадарыня Анэт Ціле з Германіі ўжо некалькі год працуе ў Беларусі ў праектах, звязаных з аднаўленнем балот. Яна захапляецца ўнікальнасцю гэтых тэрыторый, гаворыць, што, дзякуючы вялікай біялагічнай разнастайнасці, інфармацыю пра беларускія балоты можна выкарыстоўваць як базу для далейшай працы ў іншых краінах.
“Высокія людзі ў Інстытуце прыродакарыстання сказалі, што тут многа торфу, і давайце мы яго будзем здабываць. Потым яны паглядзелі больш падрабязна, дзе знаходзіцца гэты торф, а гэты торф знаходзіцца на асабліва ахоўных тэрыторыях, на балотах, якія былі забалочаныя наноў на міжнародныя грошы. Канешне, калі міжнародны донар дае грошы на забалочванне, а дзяржава потым вырашае гэта вяртаць у ранейшы стан, асушаць, то такія дзеянні не выклікаюць радасці ў донара. І цяпер ГЭФ думае далей займацца беларускімі балотамі, чымсьці іншым ці ўвогуле нічога не рабіць, — распавядае спадарыня Анэт.
* * *
Начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Мінчанка паведаміла, што сёлета Беларусь плануе накіраваць тры заяўкі ў сакратарыят Рамсарскай канвенцыі на ўключэнне асабліва ахоўных тэрыторый у спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння. Паводле яе слоў, гэта тэрыторыі «Марочна», «Астравы Дулебы — Заазер’е», “Стары Жадзен.
Цяпер у спіс ужо ўключаныя дзевяць асабліва ахоўных прыродных тэрыторый — Бярэзінскі біясферны запаведнік, заказнікі «Званец», «Ельня», «Спораўскі», «Простыр», «Асвейскі», «Альманскія балоты», «Сярэдняя Прыпяць», «Котра» агульнай плошчай каля 371 гектара, піша БелаПАН.
Мінчанка паведаміла, што цяпер на разглядзе сакратарыята знаходзіцца заяўка аб уключэнні ў Рамсарскі спіс заказніка «Выганашчанскае». Паводле яе слоў, Беларусь плануе прыняць удзел у 11-м пасяджэнні канферэнцыі бакоў Рамсарскага канвенцыі, якая пройдзе ў ліпені 2012 года ў Бухарэсце.
Таксама ў 2011 годзе ў рамках дзяржпраграмы развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый былі падрыхтаваныя прадстаўленні аб аб’яўленні чатырох заказнікаў рэспубліканскага значэння («Даўжбітка-Свіная», «Стары Жадзен», «Барысаўскі», «Свіслацка-Бярэзінскі»), а таксама па пераўтварэнню заказнікаў «Тырвовічы» і «Сарачанскія азёры». Падрыхтаваная прапанова аб аб’яўленні трансгранічнага біясфернага рэзервата «Асвейскі — Чырвоны Бор — Себежскі».