У Беларусі выявілі «цанавую змову», праводзіцца расследаванне (відэа)

Цэны на мяса птушкі ў Беларусі выраслі практычна на траціну. Цэны паднялі адначасова сем найбуйнейшых вытворцаў птушкі, а для гэтага не было ніякіх падставаў, паведамляе «Еўрарадыё»

Фота: БЕЛТА

Фота: БЕЛТА

Цяпер праводзіцца антыманапольнае расследаванне. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" распавёў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец. Паводле яго слоў, "пры тых жа самых гандлёвых надбаўках вытворцы павялічылі цану і пры гэтым адмянілі зніжкі, якія раней даваліся". У выніку ў асобных гандлёвых аб'ектах цана мяса птушкі вырасла да 28%.

"Такі істотны рост цэнаў неабгрунтаваны, — адзначае Вежнавец. — Аб'ектыўных фактараў для такога росту цэнаў на бягучы момант няма. Курс стаіць на месцы, цэны на энерганосьбіты не растуць, іншых фактараў, якія так бы маглі паўплываць на цану, у вытворцы няма".

Намеснік міністра кажа, што цэны паднялі адначасова сем найбуйнейшых вытворцаў птушкі. Пасля гэтага "падцягнуліся за лідарамі" і дробныя вытворцы, якія паднялі цэны прыблізна да такога ж узроўню.

"Такое адначасовае павышэнне цэнаў без аб'ектыўных прычын мае ўсе прыкметы цэнавай змовы", — заявіў Іван Вежнавец. Паводле яго слоў, звычайна антыманапольнае расследаванне можа працягвацца да 3 месяцаў, аднак у дадзеным выпадку яго будуць праводзіць хутчэй. Калі факт парушэння пацвердзяць, найбуйнейшых вытворцаў птушкі чакае суд і штраф — да 10% ад гадавой выручкі.