У Беларусі забараняецца камерцыйная гукавая рэклама ў грамадскім транспарце

У Беларусі забараняецца камерцыйная гукавая рэклама ў грамадскім транспарце. Такое палажэнне змяшчаецца ў зменах у закон аб рэкламе, якія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні. Сацыяльная рэклама працягне гучаць.

2222_1024x613.jpg


«З улікам доўгіх і актыўных абмеркаванняў парламентарыі прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі гукавую рэкламу ў грамадскім транспарце забараняем. Але рэклама на электронным табло, гэта значыць у выглядзе беглага радку і пэўных малюнкаў, — дазволеная. Хачу звярнуць увагу, што гукавая рэклама ў грамадскім транспарце забаронена камерцыйная, акрамя сацыяльнай рэкламы», — цытуе REFORM.by намесніцу старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтву Палаты прадстаўнікоў Аксану Гайдук.

Таксама ў абноўленым законе адменена ўзгадненне зместу вонкавай рэкламы і рэкламы на транспартным сродку, прадастаўляецца права на ўстаноўку сродкаў вонкавай рэкламы без праектнай дакументацыі, скарочаны пералік медыцынскай рэкламы, якую патрабуецца ўзгадняць у Міністэрстве аховы здароўя.

Такім чынам, — забараніўшы адзін від гукавай рэкламы, і дазволіўшы другі, — дэпутаты заканадаўча замацавалі няроўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання ў Беларусі. Згодна артыкулу 13 Канстытуцыі Беларусі, «дзяржава прадастаўляе ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці».

Але хто цяпер глядзіць на Канстытуцыю і законы?