У Гродне французы пабудуюць хімічны завод
На прадпрыемстве ў рысе горада будуць вырабляць хімічныя ўгнаенні для сельскай гаспадаркі — да 100 тысяч тон на год. Будучы завод можа з'явіцца праз чатыры гады, піша Радыё Свабода. Ужо ёсць меркаваная пляцоўка.
Дэлегацыя з Гродна нядаўна вярнулася з францускага горада Руан, дзе было дамоўлена пабудаваць завод па выпуску вадкіх угнаенняў на пляцоўцы СЭЗ «Гроднаінвест» у вёсцы Аульс, перадае grodnonews.by. Тыясульфат амонія (ATS) ужываюць у вырошчванні сельскагаспадарчых культур.
Такія мінеральныя ўгнаенні кампанія прадае ў Прыбалтыцы і ва Ўкраіне. Асаблівым попытам прадукцыя карыстаецца ў фермерскіх гаспадарак, дзе яе прымяненне дазваляе атрымаць дадатковы прыбытак з аднаго гектара збожжавых да 150 эўра.
«З пункту гледжання лагістыкі французы хочуць размясціць яшчэ адну вытворчасць у Гродне, улічваючы, што асноўнай сыравінай гэтай дабаўкі з'яўляецца аміяк», — распавёў Андрэй Болтрык, намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама.
Па словах чыноўніка, цяпер рыхтуецца абгрунтаванне інвестыцый у праект. Пад завод будзе выдзелены зямельны ўчастак плошчай не больш за чатыры гектары каля прадпрыемства «Тайфун» на пляцоўцы СЭЗ «Гроднаінвест» у вёсцы Аульс. Яна ўваходзіць у рысу горада.
У Гродне французы хочуць пабудаваць завод, аналагічны такому ў Руане, дзе вырабляецца каля 80 000 тон тыасульфату на год. Але чакаецца, што на беларускім заводзе будуць вырабляць 100 тысяч тон угнаенняў у год. Гэта мусіць быць высокатэхналагічнае прадпрыемства, якім па чарзе будуць кіраваць каля дзясятка спецыялістаў. Таксама трэба будзе ўзвесці склады з рэзервуарамі для часовага захоўвання гатовай прадукцыі.