У Літве прапануюць павысіць мінімальны заробак да 867 еўра

Цяпер з 3,93 да 4,47 еўра павялічылася мінімальная плата за гадзіну працы, але мінімум у Літве могуць плаціць толькі за некваліфікаваную працу.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg

Цэнтрабанк Літвы прапанаваў са студзеня 2023 года павысіць мінімальны заробак мінімум да 867,67 еўра, хоць папярэдзіў, што сітуацыя эканоміцы ў пэўным сэнсе нявызначаная, піша АФН.

"У працэнтах гэта быў бы рост на 18,9%. Ён звязаны не толькі з павышэннем сярэдняй зарплаты ў наступным годзе, але і з яе ростам сёлета. Карэкцыя па даных за гэты год складае палову гэтага павышэння", — сказала прадстаўніца Цэнтрабанка Катрына Тамашавічэне.

Паводле яе слоў, мэта прапанаванай Цэнтрабанкам і прызнанай трохбаковай радай формулы — зніжэнне няроўнасці даходаў і абгрунтаванне павышэння мінімалкі эканамічнымі аргументамі. Яна таксама прызнала, што павышэнне мінімалкі можа выклікаць рост цэнаў.

Прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі кафэ і рэстаранаў Эвалда Шышкаўскене сказала, што ў Літве ў мінулым годзе мінімальныя зарплаты атрымлівалі каля 2,5% работнікаў. Яшчэ каля 12% атрымлівалі крыху больш за мінімум. Мінімалка са студзеня 2022 года павялічылася на 88 еўра, або амаль на 14% — з 642 да 730 еўра "на паперы", гэта 550 еўра "на рукі". З 3,93 да 4,47 еўра павялічылася і мінімальная плата за гадзіну працы, але мінімум у Літве могуць плаціць толькі за некваліфікаваную працу.