У Мінску падаражэў праезд. Як будуць выглядаць новыя талоны на транспарт?

З 9 снежня ў грамадскім транспарце Мінска падаражэў праезд. За адну паездку давядзецца плаціць 70 капеек. Змяняецца і выгляд талончыкаў. З гэтага дня яны паступаюць у продаж.

talony912.jpg


Пры гэтым талоны старога ўзору, набытыя да падаражэння, будуць сапраўдныя да 7 студзеня, расказала прэс-сакратар ГП «Мінсктранс» Алена Грамыка. Пасля 7 студзеня іх можна будзе абмяняць у спецыялізаваных кіёсках на новыя талоны, даплаціўшы розніцу, перадае Еўрарадыё.

Кошт праязных білетаў, раней запісаных на бескантактавыя смарт-карты, не мяняецца, нагадалі ў «Мінсктрансе».

Нагадаем, што апошні раз праезд у грамадскім транспарце Мінска даражэў год таму — у снежні 2019-га. Еўрарадыё падлічыла, што за 20 гадоў гэта ўжо 33-е падвышэнне цаны праезду. За гэтыя гады кошт талона на адну паездку ў аўтобусе, тралейбусе ці трамваі вырас ў 187,5 разоў. Паездка на метро падаражэла яшчэ больш: цана жэтончыка за 20 гадоў вырасла ў 200 разоў.