У мінулым годзе прадпрыемствы больш звольнілі, чым прынялі на працу

Найбольш актыўна апошнім часам звальняюць працаўнікоў арганізацыі адукацыйнай і фінансавай сферы.

images__1_.jpg


Прадпрыемствы і арганізацыі Беларусі больш актыўна звальняюць працаўнікоў, чым наймаюць. Такую выснову можна зрабіць са статыстыкі, якую апублікаваў партал TUT.BY. Так, у мінулым годзе прадпрыемствы звольнілі 694,3 тысячы чалавек, а працаўладкавалі — на 41,1 тысячы менш.
Аднак у параўнанні з папярэднім годам, разбежка паміж прынятымі і звольненымі з працы скарацілася. У 2016 годзе прадпрыемствы скарацілі амаль 719,5 тысячы чалавек, а ўзялі на працу — на 108,1 тысячы менш.
Паводле дадзеных Белстата, у снежні 2017-га году найбольшыя скарачэнні занятасці адбыліся ў адукацыйнай і фінансавай сферы. Ва ўстановах адукацыі колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 22,2%, у прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці — на 36,7%, у фінансавай і страхавой дзейнасці — на 31,3%, у прамысловасці — на 15,3%.
Больш наймалі, чым звальнялі месяц таму ў сферы гандлю і паслугаў. У фірмах, якія займаюцца рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў прырост працаўладкавання склаў 14,3%, у сферы інфармацыйных паслугаў і сувязі 22,8%, у сферы адміністрацыйных і дапаможных паслугаў занятасць вырасла на 8,1%.
Паводле беларускай службы Польскага радыё