У Беларусі правядуць эксперымент з жыллём па дзяржзамове

У Беларусі ў 2014–2016 гадах правядуць эксперымент пры вызначэнні кошту будаўніцтва жылля па дзяржаўнай замове для ільготнікаў. 



zyllio.jpg

Гэта прадугледжана падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 6 чэрвеня ўказам № 270 "Аб рэалізацыі праграм дзяржаўнай замовы на будаўніцтва жылля".

Пасля правядзення эксперыменту ўрад у трэцім квартале 2016 ўнясе прапановы кіраўніку дзяржавы наконт распаўсюджвання яго на ўсю дзяржзамову па жыллі.

Указ накіраваны на аптымізацыю выдаткаў на будаўніцтва жылля, устанаўленне цэн, зразумелых будаўнікам і насельніцтву, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Падчас эксперыменту для ільготнікаў кошт будаўніцтва жылога дома і максімальны памер ільготнага крэдыту будуць вызначаць зыходзячы з кошту квадратнага метра агульнай плошчы жылога дома, роўнай прагнознаму паказчыку намінальнай налічанай сярэднямесячнай зарплаты работнікаў на месяц прыёмкі ў эксплуатацыю жылога дома, з ужываннем каэфіцыента 1,2.

З кожным грамадзянінам будзе заключацца дамова куплі-продажу па тым жа кошце квадратнага метра, па якой выдаецца крэдыт будаўніку.

Максімальны памер ільготнага крэдыту для грамадзян на набыццё жылых памяшканняў не павінен перавышаць 90 % (для шматдзетных сем'яў – 100 %) ад кошту набыцця нарміруемых памераў агульнай плошчы жылога памяшкання.