У Маскве праходзяць перамовы аб пастаўках беларускага харчавання ў Расію

Беларускую дэлегацыю на перамовах узначальвае першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, расійскую — намеснік старшыні ўрада Аркадзь Дварковіч.



691_216x160.jpg

Як паведаміў БелаПАН начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў, у склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць таксама намеснік кіраўніка Мінсельгасхарча Ігар Брыло і дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Васіль Півавар.
У цэнтры ўвагі бакоў — праблемы з пастаўкамі харчавання ў Расію. Плануецца, у прыватнасці, абмеркаваць часовую забарону на пастаўкі ў РФ прадукцыі прыблізна 20 беларускіх малака- і мясакамбінатаў, а таксама транзіт цераз Беларусь у Казахстан тавараў з краін Еўрасаюза, якія трапляюць пад санкцыі Расіі. Перамовы будуць доўжыцца адзін дзень, паведаміў Багданаў.
Нагадаем, напярэдадні, 25 лістапада шляхі ўрэгулявання супярэчнасцяў з пастаўкамі прадуктаў з Беларусі абмеркавалі ў Маскве прадстаўнік Беларусі, міністр па прамысловасці і АПК Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі і кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт. Яны канстатавалі, што прыняцце абмежаванняў не адпавядае мэтам функцыянавання Мытнага саюза, паведаміла прэс-служба ЕЭК.
Сідорскі прапанаваў не ўводзіць абмежаванні на транзіт тавараў, якія трапляюць пад забарону ў Расіі, а максімальна выкарыстоўваць магчымасці сумеснага кантролю на знешніх межах Мытнага саюза. Ён таксама рэкамендаваў расійскаму боку ўстрымацца ад прымянення абмежавальных мер адносна беларускіх прадпрыемстваў да завяршэння праверкі якасці іх прадукцыі.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН