Улады хочуць прымусіць «збеглых» плаціць падаткі двойчы
Беларускія ўлады змогуць прымусіць плаціць падвойныя падаткі рэлакантаў з «недружалюбных краін»
Прынамсі, гэта вынікае з Указу № 93 «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі», які 14 сакавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе devby.io
Поўнага тэксту ўказу яшчэ няма, але Мінфін апублікаваў некаторыя дэталі. У адным з пунктаў гаворыцца, што ўлады могуць прыпыніць дамову аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з «недружалюбнымі краінамі».
Частка ўказу датычыцца мер, накіраваных супраць краін, якія ўвялі ў дачыненні да Беларусі санкцыі (гэта краіны ЕС, ЗША, Японія).
У выпадку ўвядзення з боку “недружалюбных краін” абмежавальных мер, якія маюць на ўвазе фактычнае «замарожванне» інвестыцыйных праектаў, што рэалізуюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прыпыненне іх фінансавання, пазбаўленне тэхнічнай магчымасці правядзення разлікаў па дзяржаўным доўгу ў замежнай валюце, Міністэрству фінансаў, банкам-агентам, іншым юрыдычным асобам прадастаўляецца права па рашэнні Савета Міністраў (яго прэзідыума) забяспечваць выкананне абавязацельстваў перад такімі краінамі ў нацыянальнай валюце.
Акрамя таго, прадугледжваецца прадастаўленне Савету Міністраў (яго прэзідыуму) права ўводзіць збор за датэрміновае скасаванне дагавораў (крэдытных, арэндных і да т. п.), ініцыяванае замежнымі арганізацыямі або грамадзянамі з дзяржаў, якія прынялі рашэнне аб увядзенні спецыяльных мер (санкцый) у дачыненні да беларускіх юрыдычных і фізічных асоб.
Таксама, у якасці меры ў адказ — у дачыненні да дзеянняў такіх дзяржаў Савет Міністраў (яго Прэзідыум) мае права прыпыняць выкананне міжнародных пагадненняў аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання, заключаных Рэспублікай Беларусь з гэтымі дзяржавамі.
Пагадненне аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання дазваляе грамадзянам Беларусі, якія працуюць за мяжой, плаціць падаткі толькі ў краіне знаходжання (калі з ёй заключаны падобны дагавор). РБ мае такія пагадненні з 45 краінамі, у тым ліку з большасцю еўрапейскіх краін, Украінай, ЗША, Японіяй.