Улады могуць абмежаваць валютны рынкак пры пагрозе эканамічнай бяспецы краіны
Урад сумесна з Нацыянальным банкам могуць уводзіць валютныя абмежаванні ў выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы краіны. Такая норма замацаваная ў праекце новай рэдакцыі Закона «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі», паведамляе TUT.BY. Аднак перадумоў для ўвядзення валютных абмежаванняў цяпер няма, лічаць аналітыкі фінансавага рынку.
Беларускія ўлады могуць пайсці на ўвядзенне валютных абмежаванняў у выпадку
рэзкага пагаршэння сітуацыі ў плацежным балансе, узнікнення рызыкаў значнага
зніжэння золатавалютных рэзерваў і з'яўлення перадумоў для істотнага ваганні
курсу нацыянальнай валюты, паведамляе БелаПАН.
Пры гэтым законапраект прадугледжвае, што валютныя абмежаванні, калі яны зноў з'явяцца на рынку, будуць дзейнічаць не больш за год.
У апошнія гады Нацбанк паступова праводзіць лібералізацыю ў гэтай сферы: была адмененая мэтавая купля валюты, яе абавязковы продаж экспарцёрамі. Пакуль перадумоў для ўвядзення валютных абмежаванняў няма, лічаць аналітыкі фінансавага рынку.
Эканаміст Дзмітрый Крук лічыць, што права ўводзіць валютныя абмежаванні, якое будзе замацавана за Нацбанкам і ўрадам у новым заканадаўстве, — «страхавы механізм на выпадак узнікнення неспрыяльных падзей на валютным рынку».
Дырэктар па развіцці «ФТМ Брокерс» Аляксандр Сабодзін адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН: «Расія абмежавала фінансаванне Беларусі, але ўраду ўдаецца прыцягваць нерасійскія запазычанні для рэфінансавання доўгу, таму праблем з валютай быць не павінна. Перадумоў для ўвядзення валютных абмежаванняў цяпер ніякіх няма».
Валютная ліквіднасць краіны ў будучыні, падкрэсліў ён, наўпрост залежыць ад рашэння структурных праблем.
«Найбуйнейшыя прадпрыемствы ў нас дзяржаўныя, іх фінансавая ўстойлівасць выклікае шмат пытанняў. Ад вырашэння праблем у дзяржсектары залежаць валютныя патокі ў краіну», — лічыць Сабодзін.
На думку эканамістаў, адна з патэнцыйных праблем у дзяржсектары звязаная са станам НПЗ, якія забяспечваюць каля 20% валютнай выручкі краіны ад экспарту тавараў. У лістападзе Мінфін заявіў, што адсутнасць кампенсацыі за расійскі падатковы манеўр можа негатыўна адбіцца на працы нафтаперапрацоўчых заводаў.
«Што будзе ў гэтым выпадку з валютнымі паступленнямі, застаецца толькі здагадвацца. На беларускую нафтаперапрацоўку прыпадае вялікая доля валютнай выручкі, і сур'ёзныя праблемы ў гэтай галіне могуць закрануць і валютны рынак», — лічыць старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук .
«Валютныя абмежаванні не ўпрыгожваюць краіну і пагаршаюць яе інвестыцыйную прывабнасць. Таму трэба думаць над мерамі, якія б мінімізавалі ступень уплыву на краіну валютных шокаў і дазвалялі ў будучыні абыходзіцца без валютных абмежаванняў», — рэзюмаваў Крук.
Жорсткія валютныя абмежаванні ў Беларусі ўводзіліся ў 2011 і 2014 гадах на фоне ажыятажнага попыту на валюту. У прыватнасці, улады вызначалі вузкі пералік тавараў, на набыццё якіх на біржы прадавалася валюта, ўводзілі збор за куплю валюты.
Паводле news.tut.by