Вадзім Іосуб: Першы эфект ад абвешчаных санкцый мы адчуем у снежні

Да канца года засталося пару месяцаў. Якім будзе дэфіцыт бюджэту ў снежні? Як ён адаб'ецца на сацыяльных выплатах, пенсіях? Што робяць улады для яго змяншэння, якія крыніцы выдаткаў пад пагрозай?

vadim_iosub.jpg

На гэтыя і іншыя пытанні газета «Белорусы и рынок» шукала адказы разам са старшым аналітыкам «Альпары-Еўразія» Вадзімам Іосубам.

— Сітуацыя з дзяржаўнымі фінансамі складваецца даволі цікава. Другі год дзяржбюджэт планава дэфіцытны, аднак калі ў пачатку гэтага года ўлады запланавалі дзірку ў ім памерам у 4 мільярды, а затым (на фоне хуткага росту дэфіцыту) павялічылі яе да 6 мільярдаў, то цяпер сітуацыя прыкметна лепшая, чым прагназавалі самі ўлады.

Так, дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту расце, за жнівень-верасень ён павялічыўся больш чым у два разы, але калі ранняй вясной ён складаў 1,5 млрд. рублёў, то за дзевяць месяцаў — мільярд «з хвосцікам». Так што казаць пра нейкі дэфолт дзяржавы, пра тое, што ў казне не хопіць грошай для заробкаў бюджэтнікам, сацыяльных дапамог або пенсій, не варта.

За восем месяцаў практычна ўдвая павялічылася знешнегандлёвае сальда. Прычым прыкметнае паляпшэнне назіраецца як у гандлі таварамі (паводле статыстыкі Нацбанка, 673 млн. рублёў у параўнанні з 2020-м годам), так і паслугамі (424 млн. рублёў).

Паколькі знешнегандлёвы абарот вырас прыкметна — на 30,6 %, да 58,482 млрд. рублёў, то выраслі і падаткі ў бюджэт, які пакуль адчувае сябе адносна нядрэнна. У гэтым яму дапамагае і тое, што ўлады імкнуцца скараціць «неабавязковыя» выдаткі, у першую чаргу — капітальныя.

Што будзе да канца года? Відавочна, што на дэфіцыт бюджэту, як і на ўсе эканамічныя паказчыкі, асноўны ўплыў будуць аказваць сектаральныя санкцыі. Першы эфект ад ужо абвешчаных санкцый мы адчуем у снежні.

Наступствы санкцый не будуць аднамомантнымі, яны расцягнуцца па часе. Таму цяпер немагчыма дакладна ацаніць эфект ад уведзеных абмежаванняў. Аднак нельга забываць і пра тое, што краіны Еўрасаюза абмяркоўваюць новы санкцыйны пакет — ужо пяты па ліку.

Варта таксама падкрэсліць, што магутным фактарам, які паўплывае ў тым ліку і на памер дэфіцыту, стануць не толькі прамыя сектаральныя санкцыі, але і механізм другасных санкцый, які не дазволіць іх абыходзіць.