Валер Кавалеўскі: Новыя санкцыі Еўрасаюза будуць набіраць моц паступова

«Калі беларусы патрабуюць дзеянняў, то Захад выказвае занепакоенасць. А калі Захад пачынае дзейнічаць, то занепакоенасць выказваюць беларусы».

kavaleuski_x5a4f.jpg

Такім жартам, датычным санкцый супраць беларускага рэжыму, у эфіры «Радыё Рацыя» падзяліўся кіраўнік кабінета Святланы Ціханоўскай, дыпламат Валер Кавалеўскі:

— Тут трэба выбіраць, канешне. Калі мы хочам жорсткіх санкцый, сектаральных санкцый, то гэта будзе мець свае кошты для нас у тым ліку. Мы павінны будзем у нейкім сэнсе пацярпець. Сектаральныя санкцыі, у пэўным сэнсе, былі б, можна сказаць, бонусам. Калі сёння яны здаюцца слабымі, то праз 2–3 месяцы яны будуць набываць моц і станавіцца больш рэальнымі. Іншыя кампаніі, якія б маглі мець бізнес і з беларускімі тымі прадпрыемствамі, яны будуць адмаўляцца ад таго, каб заключаць новыя кантракты. Таму што гэта ўсё будзе мець даволі сур’ёзныя рызыкі. А бізнес гэтыя рызыкі не вельмі любіць.

Паводле слоў Кавалеўскага, тое, што новыя санкцыі Еўрасаюза будуць набіраць моц паступова, з аднаго боку, дазваляе пазбегнуць сур’ёзных наступстваў для беларускай эканомікі і грамадства, а з другога боку, дае сігнал: калі паводзіны афіцыйнага Мінска не будуць мяняцца, санкцыі будуць станавіцца ўсё больш і больш жорсткімі.