Валютная выручка Беларусі за год скарацілася на 10 млрд. долараў
Згодна са звесткамі Нацыянальнага банка, у 2015 годзе валютныя паступленні Беларусі склалі 33 млрд. долараў, скараціўшыся на 10 млрд. (23,4%) у параўнанні з папярэднім годам. У 2015 годзе 10 млрд. долараў эквівалентнае 18% ВУП краіны.
Значнае скарачэнне валютнай выручкі абумоўленае падзеннем паступленняў ад экспарту тавараў. Летась гэты паказчык склаў 26,3 млрд. долараў, знізіўшыся ў параўнанні з 2014 годам на 8,5 млрд., або
амаль на чвэрць.3
Валютныя паступленні ад экспарту паслуг у 2015 годзе склалі 6 млрд. долараў — на 1,05 млрд. долараў, або на 14,9%, менш за паказчык папярэдняга года.
Эканамісты тлумачаць падзенне экспартнай выручкі Беларусі зніжэннем попыту на беларускія тавары ў Расіі, а таксама змяншэннем паступленняў ад нафтавага экспарту Беларусі ў краіны Еўрасаюза.
Валютныя паступленні Беларусі з краін ЕС у 2015 годзе склалі 9,98 млрд. долараў (амаль на 2,9 млрд. долараў менш у параўнанні з 2014 годам), а выручка з Расіі — 12,9 млрд. долараў,
скараціўшыся больш як на 5 млрд. долараў.
Валютная выручка Беларусі ад унутранага гандлю за валюту летась склала 129,4 млн. долараў і знізілася ў 4,4 разу ў параўнанні з 2014-м. Рэзкае скарачэнне гэтага паказчыка эканамісты тлумачаць
палітыкай Нацбанка па дэдаларызацыі эканомікі. Нагадаем, вясной 2015 года рэгулятар забараніў выкарыстанне разлікаў у замежнай валюце за турыстычныя і страхавыя паслугі. Адначасова з гэтым была
ўстаноўленая забарона на разлікі ў СКВ за паліва на аўтазаправачных станцыях.
У далейшым Нацбанк забараніў выкарыстанне замежнай валюты пры ажыццяўленні разлікаў паміж юрыдычнымі асобамі — рэзідэнтамі з удзелам рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон і пры
ажыццяўленні разлікаў па асобных відах дагавораў страхавання.
Нагадаем, афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2016 год прадугледжвае рост экспарту тавараў і паслуг на 3,5% у параўнанні з 2015-м, што прадугледжвае і павелічэнне валютнай выручкі.
Афіцыйны прагноз быў падрыхтаваны з улікам таго, што сусветная цана на нафту ў 2016 годзе складзецца на ўзроўні 50 долараў за бараль і Беларусь зможа павялічыць перапрацоўку нафты на фоне
павелічэння яе імпарту з Расіі з 23 да 24 млн. тон.
Аднак цяперашні ўзровень сусветных цэн на нафту (33 долары за бараль) істотна ніжэйшыя за прагназаваны паказчык. Пры гэтым у Маскве ўжо заявілі, што ў выпадку недапаставак беларускага бензіну на
расійскі рынак Расія ў 2016 годзе можа скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь.
Паводле БелаПАН