Выдаткі на нацыянальную бяспеку Беларусі ў 2017 годзе
Пасля апублікавання справаздачы аб выкананні бюджэту за 2017 год з'явілася магчымасць прааналізаваць змены ў частцы бюджэтных выдаткаў на сектар нацыянальнай бяспекі.
У цэлым у 2017 годзе годзе даходы бюджэту выраслі больш чым на 11% у параўнанні з 2016 годам. Што, аднак, не пацягнула суразмернага, а галоўнае — раўнамернага, росту фінансавання сілавых ведамстваў. Так, выдаткі на абарону і ўзброеныя сілы скараціліся ў намінальным выражэнні амаль на 4%. З апярэджаннем адносна росту бюджэтных даходаў выраслі выдаткі на ўтрыманне МНС, органы дзяржбяспекі і памежную службу. Аднак, з улікам іх адносна невялікіх бюджэтаў, рост не моцна ўражвае. Акрамя таго, МНС і органы ўнутраных спраў хоць і атрымалі большае фінансаванне, чым у 2016 годзе, але ў выніку яно апынулася менш, чым першапачаткова было запланавана ў бюджэце-2017. Відавочна, эканомія адбылася за кошт капітальных выдаткаў. Што азначае запаволенне абнаўлення іх матэрыяльнай базы.
Акрамя таго, аперуючы намінальнымі паказчыкамі расходаў, варта памятаць пра фактары інфляцыі, якая за 2017 год склала 4,6%.
Ва ўсякім выпадку, дадзеныя справаздачы аб выкананні бюджэту за мінулы год не даюць падставы сцвярджаць, што сектар нацыянальнай бяспекі карыстаецца дадатковай увагай кіраўніцтва краіны. Прынцыповае паляпшэнне фінансавага «самаадчування» сілавых ведамстваў не адбываецца. Размовы ўладаў аб прыярытэце бяспекі практычнага напаўнення не атрымліваюць.
Паводле bsblog.info